Палітвязня Дабрыяніка, валанцёра штабу Ціханоўскай, асудзілі на тры гады «хіміі»


Сярод матэрыялаў следства супраць актывіста было відэа на песню «Грай» і даручэнне на распаўсюд газеты «Народная воля».

Палітвязень Аляксандр Дабрыянік.
Фота: spring96.org

Суд Савецкага раёну Менску 12 кастрычніка вынес вырак 39-гадоваму слонімскаму актывісту Аляксандру Дабрыяніку, актывісту выбарчага штабу Святланы Ціханоўскай, піша «Вясна». Суддзя Сяргей Шаціла прызнаў яго вінаватым у «арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ) і асудзіў на тры гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу, а таксама пастанавіў спагнаць 5988 рублёў на карысць «Менсктрансу».

Аляксандра Дабрыяніка вызвалілі ў залы суда да прызначэння яму месца пакарання. Да суда ён быў у следчым ізалятары, яго затрымалі яшчэ 24 траўня. Праваабаронцы раней прызналі ягоную справу палітычна матываванай.

У час судовага следства выявілі, што Дабрыянік 16 жніўня 2020 года ўдзельнічаў у менскім Маршы Свабоды. Пракурор казаў, што Дабрыянік нібыта часткова прызнаў віну, але сам ён у апошнім слове заявіў, што не перакрываў вуліцы і не лічыць сябе «актыўным удзельнікам масавага мерапрыемства».

Hавiны
Фантастычны мітынг у Менску. 8-ы дзень пратэстаў. Галоўнае
2020.08.17 03:02

 

Абарона даводзіла, што доказы віны былі хіба ўскосныя: ён не меў пры сабе сімволікі, не выходзіў на дарогу і не перакрываў руху транспарту. Сярод матэрыялаў справы былі знойдзеныя на яго тэлефоне фота ўлётак палітычнага зместу, фота газеты «Народная воля», даручэнне на распаўсюд «Народнай волі» за подпісам галоўнага рэдактара, відэа пра падзеі вечара 16 жніўня… Згадалі нават знойдзены ў яго відэаролік на песню «Грай» гурта «Ляпіс Трубяцкой».

Пра знойдзеныя ў яго трафарэты, плакаты, улёткі і значкі Дабрыянік казаў, што тое яму пакінулі знаёмыя, якія «памянялі погляды».

АА belsat.eu

Стужка навінаў