На 8-ы дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі працягнуліся пратэсты. Масавыя акцыі прайшлі не толькі ў сталіцы, але і ў абсалютнай большасці беларускіх гарадоў. Галоўнае на дадзены момант.
У Менску прайшоў самы масавы за ўсю найноўшую гісторыю мітынг. У ім узялі ўдзел, па розных падліках, ад 200 да 350 тысяч чалавек. Дэманстранты патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі.
Кіраўнік краіны выступіў на мітынгу ў сваё падтрыманне і заявіў, што нікому не аддасць Беларусь, нават калі яго не стане. На мітынгу прысутнічаў і малодшы сын Мікалай. У акцыі ўзялі ўдзел каля 7-10 тыс бюджэтнікаў, якіх звезлі аўтобусамі і цягнікамі ў сталіцу з усёй краіны.
Ігар Ляшчэня – пасол Беларусі ў Славакіі з 2016 года заявіў пра падтрыманне пратэстаў супраць кіраўніка краіны. У 2002-2006 гадах Ляшчэня займаў пасаду памочніка прэзідэнта Беларусі.
Юрый Караеў заявіў, што ядро пратэстоўцаў фінансуецца з-за мяжы. Хлопцам нібыта плацяць 30 рублёў, дзяўчатам – 60 рублёў за ўдзел у пратэстах.
Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Беларусі Юлія Ваніна пацвердзіла смерці пратэстоўцаў, паведамляе «Комсомольская правда». Пакуль афіцыйна вядома пра дзве смерці ўдзельнікаў пратэставых акцыяў – Аляксандра Тарайкоўскага і Аляксандра Віхора. Іх пахавалі адпаведна 15 і 16 жніўня. Яшчэ 81 асобу не могуць знайсці.
АА belsat.eu