Амбасадар Польшчы ў Беларусі стаў «паслом да дэмакратычных сілаў Беларусі». Што гэта значыць


Восенню 2020 года амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі быў вымушаны з’ехаць на радзіму, але пасаду захоўваў да канца лета 2023 года. 11 верасня стала вядома пра новую пасаду Міхальскага: цяпер ён спецыяльны прадстаўнік у кааперацыі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Што гэта значыць, «Белсату» растлумачыў Валер Кавалеўскі.

Артур Міхальскі на адкрыцці муралу ў гонар палітзняволеных у дворыку Беларускага Дому. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Артур Міхальскі быў прызначаны надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Польшчы ў Беларусі ў траўні 2018 года. У кастрычніку 2020 года Беларусь пакінулі амбасадары Польшчы і Літвы – спачатку казалі, што толькі для кансультацыяў (на просьбу ўладаў Беларусі), але амбасадары так і не вярнуліся. Міхальскі заставаўся на пасадзе да 31 жніўня 2023 года, але працаваў з Польшчы.

Цяпер Міхальскі прызначаны спецыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў Польшчы ў справах супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Што значыць гэтая пасада і што зменіцца, «Белсату» расказаў Валер Кавалеўскі – прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах.

«Найперш – гэта тое, што спадар Міхальскі захоўвае статус і паўнамоцтвы, якія былі ўласцівыя яму і раней. Гэта значыць, што ён застаецца галоўным голасам па Беларусі ў МЗС Польшчы», – кажа Кавалеўскі.

З самой назвы бачна, што пасада Міхальскага цяпер не прадугледжвае ўзаемадзеяння з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, заўважае Кавалеўскі. А значыць, былы амбасадар будзе сфакусаваны цалкам на супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

«Ведаючы, колькі амбасадар Міхальскі зрабіў для падтрымкі беларускага народу ў справе вызвалення сваёй краіны, мы вельмі ўдзячныя яму і вельмі спадзяемся на тое, што нашая супраца працягнецца», – дадае Кавалеўскі.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што практыка прызначэння спецыяльных пасланнікаў не ўнікальная: ад пачатку палітычнага крызісу пасля выбараў-2020 беларускія дэмакратычныя сілы звярталіся да міжнароднай супольнасці з заклікам не дасылаць сваіх амбасадараў да Лукашэнкі і не прымаць ягоных амбасадараў, бо Лукашэнка не мае легітымнасці і мандату ад беларускага народу, каб прадстаўляць яго на міжнароднай арэне.

Сапраўды, дыпламатычныя стасункі «афіцыйнай Беларусі» з шэрагам краінаў панізіліся да ўзроўню часовых павераных або практычна спыніліся.

Hавiны
Прызначаны новы часовы павераны ў справах ЕЗ у Беларусі
2023.04.21 11:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў