Міколу Статкевічу 65! Узгадваем апошнія акцыі палітыка


Палітык Мікола Статкевіч сустракае дзень народзінаў у Гомельскім СІЗА. Сёння яму споўнілася 65 гадоў. Узгадваем апошнія акцыі Статкевіча, які да апошняга заставаўся адным з самых рашучых вулічных палітыкаў.

Мікола Статкевіч і ягоныя прыхільнікі падаюць дакументы, каб зарэгістраваць ініцыятыўныя групы кандыдатаў на прэзідэнцтва. Ля ЦВК сабралася прыкладна сотня чалавек – і самі патэнцыйныя кандыдаты, і тыя, хто прыйшоў іх падтрымаць. Менск, Беларусь. 14 траўня 2020 года.
Фота: ІА / Белсат

У адным з лістоў, які атрымала жонка Статкевіча Марына Адамовіч, ён пісаў, што следства ў яго справе завершанае:

«Судзіць» разам са мной будуць яшчэ Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча, Ігара Лосіка. Кожнага з нас абвінавачваюць паводле арт. 293 ч. 1. («Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады». – Заўв. «Белсату»). Акрамя таго, ва ўсіх «саўдзельнікаў», за выключэннем аднаго мяне, ёсць яшчэ дадатковыя артыкулы КК».

Кандыдаты на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі бяруць удзел у мітынгу апазіцыі ў сталіцы. Каля дзвюх тысяч чалавек сабраліся, каб запатрабаваць сумленных прэзідэнцкіх выбараў, запланаваных на 19 снежня 2010 года. Менск, Беларусь. 2010 год.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum
Былы кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі Мікола Статкевіч падчас судовага паседжання. Менск, Беларусь. 26 траўня 2011 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum
Мужчына ўсталёўвае стэнд з партрэтам Міколы Статкевіча, былога кандыдата на прэзідэнцтва ад апазіцыі. Палітык адзначае свой 56-ы дзень народзінаў у турме. Статкевіч быў асуджаны да шасці гадоў турэмнага зняволення за мітынг, які адбыўся ў снежні 2010 года супраць пераабрання Аляксандра Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2012 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Цяпер Міколу Статкевіча трымаюць у Гомельскім СІЗА, а суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Навінаў з цяперашняга судовага паседжання прыходзіць надзвычай мала, кажа жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

«Літаральна днямі я даведалася, што судовы працэс над Міколам плануюць працягваць як мінімум да канца жніўня. Ніякіх іншых навінаў адтуль не выцякае, бо гэты закрыты працэс праводзіцца дзеля бяспекі суддзі, пракурорскіх работнікаў. Пры відавочнай адсутнасці базы доказаў якога б там не было злачынства», – распавяла журналістам жонка палітыка Марына Адамовіч.

Гэта не першае зняволенне Статкевіча. За ўдзел у Плошчы-2010 яго прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, палітык выйшаў на свабоду датэрмінова ў 2015 годзе. Неўзабаве ён стаў адным з тых, хто заклікаў беларусаў актыўна пратэставаць супраць дэкрэту № 3, так званага антыдармаедскага дэкрэту.

Лідар апазіцыі Мікола Статкевіч выступае падчас мітынгу апазіцыі супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, якія адбыліся ў Менску 12 верасня 2016 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum
Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, прамаўляе падчас мірнага пратэсту пад дажджом на праспекце Незалежнасці. Тут можна почытаць размову са спадарыняй Адамовіч. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат
Палітычная дзяячка Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у польскай сталіцы. Людзі прыйшлі на мітынг з партрэтамі палітзняволеных, сярод якіх Мікола Статкевіч. Варшава, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Міколу Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020 года, па дарозе на пікет для збору подпісаў за вылучэнне кандыдаткай на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай.

Мікола Статкевіч выступае падчас мітынгу падтрымання апазіцыйных палітыкаў, якія збіраюць подпісы, каб вылучыцца кандыдатамі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Менск, Беларусь, 24 траўня 2020 года.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Мікола Статкевіч – адзін з больш як шасці сотняў палітзняволеных, якія ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах і СІЗА.

belsat.eu

Стужка навінаў