Разгром кватэры Дудзінскага і справа на падлеткаў за сарваныя сцягі. Рэпрэсіі за 12 ліпеня


«Белсат» працягвае расказваць пра рэпрэсіі беларусаў, якія чыніць рэжым Лукашэнкі. Сабралі факты пераследу, пра якія стала вядома 12 ліпеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. АМАП разганяе пратэстоўцаў на маршы «Дзяды». Менск, Беларусь. 1 лістапада 2020 года.
Фота: Stringer / TASS / Forum

У Менску падлеткі – навучэнцы каледжаў 16-17 гадоў – сарвалі два дзяржаўных сцяга і кінулі на зямлю. У дачыненні да іх распачалі крымінальную справу па арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). «Маладыя людзі ўбачылі краму, на фасадзе якой знаходзіўся дзяржаўны сцяг. Падлеткі сарвалі сцяг і кінулі яго на зямлю. Праз некалькі хвілінаў яны сарвалі сцяг з фасада яшчэ аднаго будынку», – паведамляе Следчы камітэт.

Сілавікі пахваліліся тым, як разграмілі кватэру журналіста Дзяніса Дудзінскага. Яны зламалі мэблю, раскідалі рэчы і засунулі ва ўнітаз нацыянальны беларускі і ўкраінскі сцягі.

Hавiны
Сілавікі разграмілі кватэру Дзяніса Дудзінскага і Кацярыны Раецкай
2023.07.12 20:32

Сталі вядомыя падрабязнасці суду над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч, які распачаўся 10 ліпеня. Следства сцвярджае, што Юлія расказала ў тэлефоннай размове Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд Алесю Пушкіну. Пракурор спрабуе даказаць, што менавіта Павел «размясціў» гэтую інфармацыю на старонцы тэлеканалу «Белсат», прызнанага беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем» – у нявызначаны час, нявызначаным спосабам, праз нявызначаных асобаў. Перадачу звестак «Белсату» следчыя расцанілі гэта як «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361 КК).

Юргілевіч заявіла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах» і ёй не далі азнаёміцца са справай. Да суда фігуранты адмовіліся даваць паказанні, у судзе Мажэйка адказвае на пытанні выбарачна. Бацька журналіста адмовіўся сведчыць супраць свайго сына.

Hавiны
На судзе над Паўлам Мажэйкам і Юліяй Юргілевіч глядзелі ўлюбёны серыял маці Юліі. Сталі вядомыя дэталі працэсу
2023.07.12 15:24

Журналістцы польскага інфармагенцтва PAP Юстыне Прус забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў. Яна працавала ў краіне з 2016 году і цягам усяго гэтага перыяду яна мела акрэдытацыю пры МЗС. Журналістка знаходзілася ў Беларусі падчас масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году, а таксама асвятляла міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе.

У Пружанах за каментары затрымалі Яўгена Пеляхата наўпрост на працы, а пасля вывелі ў кайданках і з мяшком на галаве. З ім з’явілася «пакаяннае» відэа. Паводле інфармацыі берасцейскіх праваабаронцаў, мужчыну затрымаў ГУБАЗіК яшчэ 1 чэрвеня. Цяпер ён ў СІЗА чакае суда. Яго абвінавачваюць паводле арт. 130 КК («Распальванне варожасці») і арт. 368 КК за абразу Лукашэнкі.

Справа палітзняволенага Арцёма Лябедзькі хутка будзе перададзена ў суд. Пра гэта «Народнай Волі» распавёў ягоны бацька Анатоль Лябедзька.

«Следства па справе сына ўжо завершана, і ў хуткім часе яна будзе перададзена ў суд. Для мяне абсалютна відавочна, што гэтая справа – палітычная. Наколькі вядома, большасці тых, каго абвінавачвалі ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, давалі магчымасць выплаціць штрафную кампенсацыю», – распавёў Анатоль Лябедзька.

Hавiны
Следства ў справе сына Анатоля Лябедзькі скончанае, матэрыялы неўзабаве перададуць у суд
2023.07.12 16:05

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» – тэлеграм-канал «Каратели Молодечно». Такое рашэнне прынятае МУС 7 ліпеня. Пазначана, што ў склад «фармавання» таксама ўваходзіць тэлеграм-канал «Каратели и прикорытники Пинска».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў