Беларускія дальнабойнікі падлічылі, што рынак грузаперавозаў прасеў на 60 %


Улады Казахстану да 1 студзеня 2023 года знялі забарону на ўезд у краіну зарэгістраваных у ЕАЭС грузавікоў – пасля перачэпвання. Такім чынам улады гэтай краіны выканалі сваё ранейшае абяцанне, і кіроўцы ўздыхнулі з палёгкай. З прычыны абмежаванняў рынак грузаперавозаў у Беларусі скараціўся амаль напалову. Цяпер з’явілася магчымасць зарабіць.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Белсат

Яшчэ сёлета ў чэрвені Міністэрства індустрыі і інфраструктурнага развіцця Казахстану распаўсюдзіла паведамленне, што ў якасці добрай волі адменіць забарону на ўезд у краіну грузавікоў пасля перачэпвання. Рэч у тым, што паводле заканадаўства гэтай краіны можна ўвозіць толькі тыя грузы, якія не зазналі перагружвання, або перачэпвання.

Пасля расейскага ўварвання ва Украіну і ўвядзення санкцыяў грузавікі з беларускай і расейскай рэгістрацыяй не могуць заязджаць у краіны ЕЗ. У сваю чаргу ўлады Беларусі таксама забаранілі ўезд замежнікаў у нашую краіну і стварылі лагістычныя цэнтры, у якія цяжкавікі з Еўропы прывозілі грузы, а далей іх перачаплялі і везлі на аўтамабілях з беларускай або расейскай рэгістрацыяй. Пасля перачэпвання грузавікі, якія заязджалі ў Казахстан, парушалі заканадаўства, і іх затрымвалі. Цяпер гэтае абмежаванне ў Казахстане знялі – да 1 студзеня 2023 года.

Беларускія дальнабойнікі кажуць, што гэта крыху палепшыць сітуацыю на рынку грузаперавозаў.

«Цяпер, бадай, адзінай і самай простай магчымасцю стала праца на перачэпах. На беларускіх і расейскіх нумарах мінуць мяжу стала немагчыма. Хоць Расея цалкам і не закрылася. Грузавікі заходзяць праз Нарву. Але гэта адзіны пункт мінання. Што да Казахстану, то ў іх таксама дазвольная сістэма, таму беларусам нельга было заязджаць з перачэпваннем. Але цяпер атрымалі дазвол на ўвоз перачэпаў у Казахстан. Гэта паспрыяе таму, што з’явіцца хоць нейкі аб’ём працы», – распавёў ананімна «Белсату» ўласнік фірмы грузаперавозаў.

Аб’ектыў
Чым расплочваецца Беларусь за суагрэсію ў вайне супраць Украіны?
2022.05.24 23:28

Агулам беларускія дальнабойнікі зайздросцяць калегам з Казахстану. Супраць гэтай краіны няма санкцыяў, таму кіроўцы могуць спакойна мінаць мяжу з ЕЗ і вазіць грузы. Таму на беларускіх дарогах зʼявілася даволі шмат грузавікоў з казахскай рэгістрацыяй.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: АЗ / Белсат

Для беларускіх дальнабойнікаў такіх магчымасцяў няма.

«Многія пайшлі працаваць на перачэпванне. Некаторыя накіраваліся ў Расею. Некаторыя спрабуюць адкрыць фірмы ў Польшчы, асабліва гарадзенцы і берасцейцы. Але там, каб пачаць працаваць, неабходна атрымаць ліцэнзіі, візы, дазволы на працу. Паўсюль проста сапраўдныя выпрабаванні», – кажа грузаперавознік.

Працаваць у Беларусі таксама складана, кажа суразмоўца «Белсату». Цяжкасці паўстаюць з тэхнічным абслугоўваннем, асабліва гэта датычыць новых аўтамабіляў і праграмнага забеспячэння для іх, паколькі абслугоўванне адключылі. Запасныя дэталі таксама падаражэлі ў некалькі разоў. Пры гэтым аб’ём працы для беларускіх перавознікаў істотна зменшыўся.

«Агулам на 20–30 % скараціліся аб’ёмы перавозаў у параўнанні з мінулым годам, а калі параўноўваць з тым залатым часам, калі можна было ездзіць ва Украіну, то і на ўсе 50–60 % мы адчулі скарачэнне. Украіна была вельмі запатрабаваным кірункам», – кажа прадпрымальнік.

Hавiны
У Кіеве cканфіскавалі 20 беларускіх грузавікоў МАЗ на суму амаль 700 тысяч долараў
2022.05.19 09:32

Складаней стала таксама і кіроўцам, якія жадаюць уладкавацца на працу ў краінах ЕЗ. Нягледзячы на запатрабаванасць у Еўропе, там чакаюць дасведчаных кіроўцаў з поўным пакетам дакументаў. Цяпер кіроўцы кажуць, што мусяць патраціць у Беларусі шэсць і болей месяцаў, каб атрымаць адмысловую працоўную візу, а каб запісацца ў пасольства ці ў візавы цэнтр – трэба заплаціць, і не мала. Гэта складана.

Увогуле ўдзельнікі рынку грузаперавозаў скептычна ставяцца да працоўных перспектываў.

«Надзея, як кажуць, памірае апошняй. Проста пытанне, колькі працягнецца вайна. А можа стане так, што Расея дасць дазвол на перавозы на яе тэрыторыі. Усё залежыць ад Мінтрансу, шмат залежыць ад іх. Пра развіццё цяпер не выпадае казаць, тут вядзецца размова пра выжыванне», – кажа гаспадар беларускай фірмы.

Бізнесовец таксама нагадвае, што цяпер беларусы не могуць набыць новых аўтамабіляў, паколькі заходні рынак для іх закрыты. Закрытыя і маршруты. Таму размоваў пра заробак цяпер няма, застаецца толькі спадзеў ператрываць, праіснаваць да лепшага часу.

Аб’ектыў
Жыхары Калінінграду: «Трэба адсюль збіраць манаткі, бо ні даехаць, ні дайсці. Такога ніколі не было»
2022.06.21 22:49

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў