На Кубе прайшлі пратэсты, найбуйнейшыя за дзесяцігоддзі


Эканамічны крызіс і эпідэмія каронавіруса выклікалі пратэсты, аб якіх сведкі кажуць як аб найбуйнейшых у сваёй памяці.

У шэрагу гарадоў Кубы 11 ліпеня прайшлі вулічныя пратэсты супраць камуністычнага ўраду. На вуліцах сталіцы Гаваны былі тысячы чалавек – гэта найбуйнейшы пратэст за амаль 30 гадоў, піша BBC.

Пратэстоўцы патрабавалі вакцынацыі і агулам барацьбы з каронавірусам, але таксама свабоды і дэмакратыі. Як перадае The Guardian, адзін з пратэстоўцаў тлумачыў, што для яго галоўная прычына – тое, што надакучыў дэфіцыт і чэргі: Куба цяпер у найгоршым за шмат гадоў эканамічным крызісе.

З Кубы даходзяць відэа акцыяў і звесткі пра сутычкі з паліцыяй і затрыманні, пра ўжыванне супраць дэманстрантаў слезацечнага газу. Аднак пад вечар на Кубе адключылі інтэрнэт-злучэнне, таму пра вынікі пратэстаў і сутычак з паліцыяй мала што вядома.

Улады сабралі прыхільнікаў на акцыі ў падтрымку дзейнага рэжыму, абвінавацілі ў пратэстах Злучаныя Штаты. Як піша CNN, прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль не прапанаваў пратэстоўцам ніякіх саступак, а толькі заявіў, што «загад да бою быў дадзены», і паклікаў сваіх «рэвалюцыянераў» на вуліцы.

АА belsat.eu

Стужка навінаў