НАК Украіны патрабуе не дапускаць спартоўцаў з Беларусі і Расеі да спаборніцтваў


Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Украіны Сяргей Бубка патрабуе ад усіх міжнародных федэрацыяў выконваць рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту адносна адхілення расейцаў і беларусаў ад міжнародных спаборніцтваў.

Міжнародны алімпійскі камітэт.
Фота: bangkokpost.com

Нагодай для заявы стаў допуск Міжнароднай федэрацыяй дзюдо камандаў Расеі і Беларусі да спаборніцтваў у мангольскім Улан-Батары, хоць і пад нейтральным сцягам. Сяргей Бубка заявіў пра нязменнасць прынятага раней курсу на адхіленне расейцаў і беларусаў ад міжнародных спаборніцтваў.

«Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны цалкам падтрымлівае пазіцыю Міжнароднага алімпійскага камітэту, абвешчаную ў лютым, з таго часу нічога не змянілася. Выканаўчы камітэт МАК для абароны адзінства міжнародных спартыўных спаборніцтваў рэкамендаваў іх арганізатарам і міжнародным спартовым федэрацыям не запрашаць да ўдзелу спартоўцаў і афіцыйных асобаў з Расеі і Беларусі. Гэтую пазіцыю на гэтым тыдні цалкам падтрымала Асацыяцыя летніх алімпійскіх відаў спорту. НАК Украіны патрабуе ад усіх міжнародных федэрацыяў выконваць згаданыя рэкамендацыі», – гаворыцца ў паведамленні НАК Украіны.

Hавiны
Спартсмены з Расеі і Беларусі хочуць выступаць за Казахстан
2022.05.17 21:31

Пасля пачатку вайны ва Украіне Міжнародны алімпійскі камітэт 28 лютага заклікаў спартовыя арганізацыі адхіліць расейскіх і беларускіх спартоўцаў ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, але пакінуў магчымасць канчатковага выбару асобным кіраўнічым органам.

Між тым, арганізатары ўжо некалькіх міжнародных спаборніцтваў забаранілі беларусам і расейцам прымаць у іх удзел.

У адказ на гэта некаторыя спартоўцы спрабавалі змяніць грамадзянства, каб прымаць удзел у спаборніцтвах. Напрыклад, такія прапановы паступалі ўладам Казахстану.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў