Памежная служба Літвы расказала 11 красавіка пра затрыманне грамадзяніна Беларусі з фальшывым балгарскім пасведчаннем асобы. Яму пагражае пазбаўленне волі да 4 гадоў.
Працаўнікі памежнага пераходу «Кальварыя» на мяжы Літвы і Польшчы 9 красавіка правяралі пасажырскі аўтобус, зарэгістраваны ў Фінляндыі, які ішоў з Талліну на Варшаву. Іх насцярожылі дакументы 33-гадовага грамадзяніна Балгарыі.
Пасведчанне асобы мужчыны аказалася вырабленае не з полікарбанату, як належыць. На ім быў кепска зымітаваны мікратэкст, колер друку не мяняўся пры падсвятленні ўльтрафіялетам.
Уладальнік карткі прызнаўся, што ён грамадзянін Беларусі. Расказаў, што ў яго скончылася нацыянальная польская віза, таму ён замовіў праз інтэрнэт фальшывае балгарскае пасведчанне са сваім фота.
Падробка каштавала яму 300 еўраў, цяпер можа каштаваць пазбаўлення волі да 4 гадоў. Пакуль мужчыну ўзялі пад варту на месяц.
Алесь Наваборскі belsat.eu