У Малдове ўпаў іранскі дрон-камікадзэ – імаверна, запушчаны Расеяй па Украіне


Памежная паліцыя Малдовы 12 лютага расказала, што блізу мяжы з Украінай абясшкодзілі знойдзеныя днём раней аскепкі беспілотніка тыпу «Shahed». У баявой частцы было 50 кг выбухоўкі.

Аскепкі дрона тыпу «Shahed» у Малдове
Аскепкі дрона тыпу «Shahed». Этулія, Малдова. 11 лютага 2024 года.
Фота: Border.gov.md

Аскепкі дрона тыпу «Shahed» знайшлі 11 лютага ў камуне Этулія, што ў Гагаузіі, блізу мяжы з Украінай. Пры аглядзе месца падзення выявілі, што сярод аскепкаў была і выбухоўка – у баявой частцы, як высветлілася, было 50 кг выбуховага рэчыва. Аскепкі і выбухоўку прыбралі для дэтанацыі ў бяспечным месцы. Пагрозы для насельніцтва цяпер няма, заяўляе памежная паліцыя.

Малдаўская паліцыя падазрае, што гэты дрон быў запушчаны Расеяй па Ізмаільскім раёне Адэскай вобласці Украіны падчас масаванага абстрэлу ў ноч з 9 на 10 лютага і быў збіты ўкраінскай сістэмай супрацьпаветранай абароны.

«Вайна Расеі супраць Украіны зноў дасягае Малдовы, – напісала прэзідэнтка Малдовы Мая Санду. – Выяўленне абломкаў беспілотнікаў „Shahed “сёння ў паўднёвай Малдове служыць яшчэ адным яскравым напамінам аб змрочнай рэальнасці, з якой мы сутыкаемся. Агрэсія Расеі ставіць пад пагрозу ўвесь кантынент. Падтрымка Украіны павінна працягвацца».

Гэта не першы раз, калі ў Малдову прылятаюць снарады, якія, імаверна, Расея скіроўвала ва Украіну. Так, мінулай зімой на тэрыторыі Малдовы апынуліся аскепкі прынамсі трох расейскіх ракет.

Акрамя таго, у 15 лістапада 2022 года ракета забіла двух чалавек на тэрыторыі Польшчы блізу мяжы з Украінай – тады выявілася, што ракета была ад украінскай супрацьпаветранай абароны, выпушчанай дзеля абароны ад расейскага абстрэлу.

Пасля таго інцыдэнту Расея не спыніла абстрэлаў раёнаў Украіны на мяжы з дзяржавамі, якія не бяруць непасрэднага ўдзелу ў вайне ва Украіне. Больш за тое, у снежні 2022 года ў Польшчу расейская ракета прыляцела з тэрыторыі Беларусі.

Аналітыка
«Могуць трапіць у буйныя гарады». Як адкажа NATO на інцыдэнт з ракетай у Польшчы і чаму такіх выпадкаў будзе больш
2022.11.16 17:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў