Расейцы абстралялі Харкаў. У горадзе – моцныя пажары


Украіна перажыла чарговую жорсткую расейскую атаку. Наймацней пацярпеў Харкаў. Там у выніку абстрэлу ўзнік пажар на плошчы 3700 квадратных метраў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вынік – 7 загінулых, у тым ліку 3 дзяцей, і каля 60 пацярпелых. Але гэты лік не канчатковы, разбор завалаў працягваецца. Пра гэта паведаміў пракурор Харкаўскай вобласці Аляксандр Фільчакоў.

«Расейскія вайскоўцы, паводле папярэдніх дадзеных, з тэрыторыі Белгародскай вобласці ажыццявілі запуск беспілотнікаў тыпу «Шагэд». Тры дроны трапілі ў аб’ект крытычнай інфраструктуры, размешчаны ў Немышлянскім раёне Харкава».

Агенцтва «РБК-Украіна» пазней удакладніла: ідзецца пра бензастанцыю недалёка ад прыватнага сектару. Бензін і дызель загарэліся, і вогненная рака чатырма плынямі пацякла на бліжэйшыя жылыя дамы.

У той час мясцовы жыхар Уладзімір быў на вуліцы:

«Пачуў нейкі стрэл, убачыў дым. Пайшоў наверх і пачуў другі стрэл. І гук шамацення, як быццам вада цячэ. Або полымя. Развярнуўся і давай у брамкі грукаць, будзіць суседзяў».

Але некаторыя з жыхароў спрасонку не паспелі ўратавацца. Харкаўчанка Наталля не можа стрымліваць слёз:

«Мужу патэлефанавала ягоная мама, сказала, што выбух на той вуліцы, і гарыць моцна. Кажа, такога не было ніколі. А потым яна ператэлефанавала праз 15 хвілінаў і сказала, што ўжо дом пачаў гарэць. Свякроўка пачала крычаць, і гэта было апошняе, што мы пачулі».

У адным з будынкаў згарэла цэлая сям’я: муж з жонкаю і трое хлопчыкаў, найменшаму яшчэ не споўнілася і года. У другім доме знайшлі целы сужэнцаў сталага веку. Да раніцы ратавальнікі змагаліся з агнём. Аднак існуе пагроза паўторнага загарання.

«Адзін рэзервуар застаўся цалкам запоўнены палівам, – патлумачыў начальнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынегубаў. – нашыя падраздзяленні Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў пагасілі пажар. Але небяспека застаецца. Таму месца здарэння мы ўзялі пад ахову і пры неабходнасці павялічым зону эвакуацыі ды адсялення».

Не толькі Харкаў пацярпеў ад расейскіх нападаў. Апошнімі соднямі расейскае войска абстраляла больш за 10 паселішчаў у розных рэгіёнах Украіны.

Начны абстрэл доўжыўся 3 гадзіны. Вядома пра 10 дронаў тыпу «Шагэд», якія прыляцелі на Харкаўшчыну. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў таксама, што расейцы выпусцілі па цывільных абʼектах краіны сама мала 70 ракетаў. Прынамсі 60 з іх былі збітыя.

Марына Яновіч, «Белсат»