«Могуць трапіць у буйныя гарады». Як адкажа NATO на інцыдэнт з ракетай у Польшчы і чаму такіх выпадкаў будзе больш


Выбух ракеты 15 лістапада на тэрыторыі Польшчы не толькі прывёў да гібелі двух асобаў, але ўзняў пытанне наступстваў і рэакцыі краін NATO на вайсковы інцыдэнт на тэрыторыі аднаго са сваіх чальцоў. Пра тое, якой можа быць гэтая рэакцыя, карэспандэнты «Белсату» разбіраліся разам з вайсковымі экспертамі.

Супрацоўнікі паліцыі і мясцовыя жыхары абшукваюць палі каля вёскі Пшэводаў у Люблінскім ваяводстве. Два чалавекі загінулі ў выніку выбуху на ферме ля польскай вёскі Пшэводаў (Przewodów), Польшча. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Artur Widak / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Як распавёў 16 лістапада прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, Расея напярэдадні ўчыніла масіраваны абстрэл практычна ўсёй тэрыторыі Украіны, у тым ліку памежных з Польшчай Львоўскай і Валынскай вобласцяў. Паводле яго, магчыма, што адна з ракетаў сілаў абароны Украіны, якой спрабавалі збіць расейскую, якая манеўравала, патрапіла ў выніку ў Польшчу.

Пры гэтым Дуда адзначыў, што нічога не кажа пра тое, што гэта была наўмысная атака на Польшчу, ракета не была нацэленая на яе. Падобна, што здарыўся няшчасны выпадак.

Абноўлена
Прэзідэнт Польшчы: Ракета ў Пшэводаве – гэта няшчаснае здарэнне, а не напад
2022.11.16 14:24

Пазней на паседжанні Рады бяспекі прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі дапусціў, што Расея магла сканструяваць атаку па Украіне так, каб пабочным або нават галоўным эфектам было сутыкненне Польшчы з Украінай. Але такога сутыкнення не адбылося, Польшча пакуль нават не запускае артыкул 4 дамовы NATO і экстраныя перамовы з саюзнікамі праз гэты механізм, трымае кантакты па іншай лініі.

Украіна баранілася і спрабавала збіць расейскія ракеты, «што відавочна і зразумела», віна за ўсё ляжыць на Расеі, падкрэсліў польскі прэзідэнт. Адказнасць за здарэнне на РФ усклаў і генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Адказнасць на тым, хто развязаў вайну

У каментары «Белсату» вайскова-палітычны эксперт, прафесар Пражскага муніцыпальнага ўніверсітэту Юрый Фёдараў выказаў меркаванне, што тэарэтычна ў Польшчы магла ўпасці і расейская, і ўкраінская ракета. Пры гэтым, калі гэта ўсё ж была расейская ракета, то яна, верагодна, была запушчаная не па Польшчы, а па нейкай мэце ў заходніх раёнах Украіны.

Пры гэтым эксперт падкрэсліў, што Украіна ніколі не будзе страляць свядома ў бок Польшчы, бо «гэта за межамі не толькі здаровага глузду, а проста за межамі таго, пра што можна падумаць».

Юрый Фёдараў таксама адзначыў, што ў любым разе «адказнасць за ўсе тыя ахвяры, якія ў гэтай вайне ўзнікаюць – мэтанакіравана ці выпадкова, ва Украіне ці ў суседніх краінах, нясе бок, які развязаў гэтую вайну».

«А гэта Расея», – нагадаў эксперт.

Ён сказаў, што паводле наяўнай практыкі, вінаваты бок, чыя была ракета, павінен выбачыцца перад Польшчай. Магчыма, кампенсаваць нейкую шкоду. І, калі Украіна ў выпадку прыналежнасці ракеты ёй, верагодна, пойдзе на гэты крок, то «Расея, хутчэй за ўсё, будзе ўсё адмаўляць і казаць, што гэта не мы, гэта падступныя намеры Захаду і галоўным чынам Вялікай Брытаніі».

Не першы і не апошні выпадак

У сваю чаргу кіраўнік секцыі стратэгічнага мадэлявання ўкраінскага Цэнтру даследаванняў арміі, канверсіі і раззбраення Ігар Леўчанка адзначыў, што «такога выпадку можна было чакаць».

Паводле яго, былі ўжо неафіцыйныя паведамленні, што штосьці падобнае здаралася і раней. Але тады не было ахвяраў, і ў выніку падобныя выпадкі не набывалі розгаласу. Эксперт нагадаў, што пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны расейскія беспілотнікі ўжо заляталі ў Харватыю і Румынію і, магчыма, нават у Польшчу. Падала расейская ракета і ў Малдове.

«Такая сітуацыя: вайна ідзе – можа падаць што заўгодна і дзе заўгодна. Дзіўна тое, што дагэтуль нічога такога сур’ёзнага не адбылося», – мяркуе Ігар Леўчанка.

Больш за тое, кажа Юрый Фёдараў, чым больш Расея будзе абстрэльваць сваімі ракетамі тэрыторыю Украіны, тым большай будзе верагоднасць таго, што частка з іх будзе трапляць на тэрыторыю суседніх дзяржаваў.

«Дакладнасць расейскіх ракет не вялікая. Сістэмы навядзення дастаткова прымітыўныя ў параўнанні з сучаснымі патрабаваннямі. І адпаведна яны могуць выйсці са строю. І ракета можа ляцець куды заўгодна. Верагоднасць гэтага будзе ўзмацняцца. І нават яны могуць патрапіць у нейкія буйныя гарады, дзе страты будуць істотна большымі, чым у гэтым выпадку», – падкрэсліў Юрый Фёдараў.

Як адкажа NATO?

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі ўжо распавёў, што вайсковыя адзінкі і сілавыя службы краіны пастаўленыя ў стан падвышанай гатовасці. Але ці варта чакаць нейкіх іншых дзеянняў?

Прадстаўнікі СМІ стаяць побач з банерамі NATO у яе штаб-кватэры ў Бруселі, Бельгія. 16 лістапада 2022 года.
Фота: John Thys / AFP / East News

Ігар Леўчанка пакуль не бачыць «нейкай бурнай рэакцыі» з боку краінаў NATO. Магчыма, мяркуе ён, у NATO «не былі гатовыя маральна ў гэты канкрэтны момант». Дый увогуле, дадае эксперт, механізм прыняцця рашэнняў у арганізацыі забюракратызаваны і зацягнуты.

«Мы пабачылі, што даць нейкую імгненную рэакцыю NATO няздольнае. Абгаворванне зацягваецца на некалькі дзён. Казаць, што гэта хуткі адказ, дастаткова цяжка», – адзначыў ён.

Тым не менш, Ігар Леўчанка дапускае, што пасля інцыдэнту з ракетай у Польшчы могуць павялічыцца пастаўкі заходніх узбраенняў ва Украіну, бо «якія-небудзь абвастрэнні з боку Расеі як правіла і прыводзяць да гэтага». Не выключае ён і таго, што NATO можа пачаць таксама павялічваць уласную групоўку на ўсходняй мяжы.

Як мяркуе Юрый Фёдараў, найбольш верагодным і найбольш практычна значным адказам будуць пастаўкі Украіне сучасных сродкаў ПВА, якія павінны перахопліваць усе ракеты, «у тым ліку і тыя, якія збіваюцца з курсу і ляцяць, куды ім падумаецца».

А вось закрыцця неба, нават прынамсі над заходнімі рэгіёнамі Украіны, эксперт не чакае, бо ўжо шэраг краін заявілі, што зрабіць гэта немагчыма.

Пры гэтым Юрый Фёдараў таксама не выключае, што і NATO, і ЗША, і краіны рэгіёну (Польшча, краіны Балтыі, Румынія) будуць нарошчваць сваю вайсковую прысутнасць «на ўсходнім флангу». У прыватнасці, можа павялічвацца прысутнасць сродкаў ПВА, «што дастаткова абгрунтавана».

Эксперт таксама дадаў, што вайсковая прысутнасць NATO і ЗША ў рэгіёне ўжо істотна павялічылася ў параўнанні з сітуацыяй двухгадовай даўніны.

Hавiны
Расея абстраляла Украіну – зачапіла Вугоршыну, Малдову і Польшчу. А чаго дасягнула?
2022.11.16 13:14

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў