Сёння Уладзіміру Мулявіну магло споўніцца 83 гады


Уладзімір Мулявін – спявак, кампазітар, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Польшчы, народны артыст СССР, заснавальнік і мастацкі кіраўнік легендарных «Песняроў». 12 студзеня яму магло б споўніцца 83 гады. Ён пайшоў з жыцця 26 студзеня 2003-га.

Уладзімір Мулявін. Крыніца: pesnyary.by

Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў расейскім Свярдлоўску, але ўвайшоў у беларускую гісторыю, трапіўшы на працу ў Беларускую дзяржаўную філармонію.

«Свой талент аддаў беларускай культуры. І ён стаў беларусам. Ён вывучыў беларускую мову, каб разумець беларускія песні, каб разумець беларускіх людзей, каб разумець беларускую літаратуру», – казала пра Мулявіна Галіна Пазняк.

«Мулявін – гэта сусветны геній. Гэта геній, якога даў нам Бог. Ягоны любімы паэт быў Янка Купала. І ніхто так глыбока не пранік у дух Янкі Купалы ў музыцы, як Мулявін», – адзначаў палітык Зянон Пазняк.

Сярод іншага Уладзімір Мулявін таксама стварыў цыкл песняў на вершы Максіма Багдановіча «Вянок».

У маладосці песняра адлічылі з вучэльні за захапленне джазам, але неўзабаве прынялі назад. Пазней навучанне ён усё ж кінуў. Гэта не перашкодзіла яму пабудаваць бліскучую кар’еру.

У 1968 годзе Мулявін стварыў ансамбль «Лявоны», які ў 1970-м стаўся «Песнярамі». У 1976-м з «Песнярамі» Уладзімір Мулявін гастраляваў у ЗША разам з амерыканскаю кантры-групаю.

ВІДЭА
«Ты прабач свайго сына». Самыя беларускія песні Мулявіна
2017.01.12 19:13

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў