Франак Вячорка пра санкцыі супраць «Беларуськалію»: Еўразвяз таксама знішчае карупцыйныя схемы


Пасля сённяшняй сустрэчы Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Літвы Гіданасам Наўседам урад балтыйскай краіны заявіў пра скасаванне дамовы паміж Літоўскай чыгункай і «Белкаліем» праз неадпаведнасць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы. Кантракт перастане дзейнічаць ад першага лютага гэтага года. Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў эфіры праграмы «Студыя Белсат» распавёў пра дасягненні ва ўзаемаадносінах з урадам Літвы, а таксама падзяліўся планамі офісу на бліжэйшы час.

Франак Вячорка, дарадца і кіраўнік аддзелу знешняй палітыкі ў штабе Святланы Ціханоўскай. Вільня, Літва. 19 кастрычніка 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Паводле Франка Вячоркі, гаворка паміж Святланай Ціханоўскай і прэзідэнтам Літвы ішла пра перакрыццё транзіту для «Беларуськалію», а таксама пра прыняцце шостага пакету санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Прэзідэнт сказаў, што ён зробіць усё магчымае, каб шосты пакет быў прыняты, не чакаючы якой-небудзь правакацыі збоку Лукашэнкі. Але таксама прагаварылі, каб да блакады транзіту далучыліся Латвія і Эстонія. Бо з аднаго боку Літва заявіла, што спыняе гэты транзіт, але з іншага боку Латвія і Эстонія маглі б патэнцыйна частку гэтай прадукцыі прапусціць праз свае чыгункі і свае парты. І каб гэта не адбылося, важна зрабіць прэвентыўныя захады, папярэдзіць Латвію і Эстонію, што гэта было б не вельмі добра».

Са словаў дарадцы Святланы Ціханоўскай, сам урад Літвы скасаваў дамовы з Беларуссю па прычыне неадпаведнасці іх нацыянальнай бяспецы суседняй краіны.

««Беларуськалій» хітра знайшоў лазейкі, хутка заключыў кантракты, зрабіў ажно тры перадаплаты, каб Літве было цяжка скасаваць гэтыя кантракты з Беларускай чыгункай. І Літва, разумеючы, што яна мае справу з бандытамі, з тэрарыстамі, яна прызнала гэтую афёру справай, якая пагражае нацыянальнай бяспецы. І мае на гэта права, бо на працягу многіх гадоў Лукашэнка тэрарызаваў як Літву, так і іншыя суседнія краіны, карыстаўся добрымі адносінамі, але пасля 2020 года ўсё памянялася. І для краінаў-суседзяў Беларусі стала відавочным, што мець справу з ім стала небяспечна».

Франак Вячорка прызнаў, што эфект такога кроку ўраду Літвы адгукнецца не толькі на рэжыме Лукашэнкі, але і на дабрабыце ўсёй Беларусі, аднак гэта вымушаная мера, на якую неабходна пайсці дзеля аднаўлення дэмакратыі ў краіне.

«Нашая задача, каб гэтыя страты былі кароткатэрміновыя, каб сітуацыя ў Беларусі памянялася, і «Беларуськалій», нафтавая прамысловасць і іншыя прадпрыемствы маглі б узнавіць сваю працу. Але ж гэта будзе магчымым толькі пасля новых свабодных выбараў. Не пасля рэферэндуму, не пасля імітацыі рэформаў, а пасля рэальных выбараў, пасля вызвалення палітычных вязняў».

Удар менавіта па «Беларуськалію» невыпадковы, бо, паводле Франка Вячоркі, менавіта пры дапамозе гэтай кампаніі рэжым часцяком абыходзіць санкцыі.

«Беларуськалій» – гэта найбуйнейшае прадпрыемства, але таксама гэта найбуйнейшы элемент вялікай карупцыйнай схемы рэжыму Лукашэнкі. Пры дапамозе цягнікоў «Беларуськалію» адбываецца кантрабанда цыгарэтаў, іншых санкцыйных прадуктаў у краіны Еўразвязу, таму, перакрываючы гэтыя лазейкі «Беларуськалію», Еўразвяз таксама знішчае карупцыйныя схемы».

Падзяліўся Франак Вячорка і планамі каманды Святланы Ціханоўскай на будучыню.

«Нашая задача на бліжэйшыя шэсць месяцаў – гэта зрабіць так, каб Украіна далучылася да санкцыяў супраць нафтахімічнага комплексу, бо Украіна з’яўляецца другім эканамічным партнёрам для Беларусі пасля Расеі».

Поўную размову з дарадцам Святланы Ціханоўскай Франкам Вячоркам можна паглядзець тут:

ВК, Belsat.

 

Стужка навінаў