Праз больш чым 3 гады ў Беларусі затрымліваюць за пратэсты 2020 года. Рэпрэсіі 11 снежня


З’явілася інфармацыя, што ў Менску ГУБАЗіК затрымаў мужчыну за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у 2020 годзе. Адначасова ў розных гарадах краіны працягваюцца суды за лайкі ў інтэрнэце ды абразы Лукашэнкі і памагатых рэжыму. Сочым за рэпрэсіямі ў Беларусі ў нашым штодзённым аглядзе.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Праваабаронцам стала вядома, што палітзняволеную Яну Пінчук этапавалі ў гомельскую калонію.

Дзяўчыну ў жніўні 2022 года этапавалі з Расеі ў Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэтам па правах чалавека ААН. Яну абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, у тым ліку – у «стварэнні або кіраўніцтве тэрарыстычнай арганізацыяй». Справу разглядалі ў Менскім гарадскім судзе два месяцы ў закрытым рэжыме. 6 чэрвеня 2023 года суд прызначыў палітзняволенай 12 гадоў калоніі.

Яна Пінчук на судзе ў Расеі. 9 жніўня 2022 года.
Фота: freeyana / Telegram

Паводле матэрыялаў следства, «Пінчук больш за год займалася дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту». КДБ дадаў дзяўчыну ў «спіс тэрарыстаў».

За «лайк» у сацсетках аштрафавалі дыякана гарадзенскай баптысцкай царквы Дзяніса Камягіна.

Дзяніс Камягін. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Дзяніс – бацька чацвярых дзяцей, выкладчык у Гарадзенскім медуніверсітэце, дыякан царквы «Святло свету». Як паведамляе «Хрысціянская візія», мужчыну аштрафавалі на 1110 рублёў.

11 снежня ГУБАЗіК затрымаў жыхара Менску за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў 2020 годзе.

Віцебскі раённы суд 6 снежня асудзіў мясцовага жыхара Сяргея Зайцава паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») за тое, што на сваім жа судзе ў сакавіку гэтага года той выказаўся ў ненарматыўнай форме ў адрас дзяржаўнай абвінаваўцы. Пацярпелай выступала памочніца пракурора г. Віцебску. Справу разглядаў Міхаіл Зубеня. Сяргей Зайцаў на судзе віну не прызнаў. У якасці пакарання яму прызначылі 2,5 гады ў калоніі і штраф.

Hавiны
Палітвязень з інваліднасцю Уладзімір Гундар не можа выходзіць з камеры, пакуль яму не перададуць мыліцы
2023.12.11 21:55

Палітзняволены краязнаўца з інваліднасцю Уладзімір Гундар, асуджаны ў «справе Аўтуховіча» да 20 гадоў зняволення, не можа выходзіць з камеры, бо на ягоных мыліцах сцерліся наканечнікі. Палітвязень ужо месяц знаходзіцца ў турме №4 у Магілёве. Без мыліцаў ён не можа пайсці на шпацыр, бо не мае адной нагі. Мыліцы яму дагэтуль не перадалі.

З’явілася інфармацыя, што ў жыхароў Магілёва 5 і 6 снежня сілавікі правялі масавыя ператрусы. Імаверна, яны звязаныя з прызнаннем двух магілёўскіх медыяў – mogilev.media і «6TV» – «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Вядома як мінімум пра шэсць чалавек, да якіх прыйшлі сілавікі. Ува ўсіх была вынятая тэхніка і тэлефоны, людзі засталіся без сувязі.

Сяргей Ерамееў.
Фота: Страна для жизни

Беларуса Сяргея Ерамеева, якога абвінавачваюць у тэрактах на БАМе, этапуюць у Іркуцк, паведамляе тэлеграм-канал «База». Сяргея арыштавалі 9 снежня. Яму выставілі абвінавачванне ў падрыве двух цягнікоў на БАМе ў Буратыі. На судзе мужчына сказаў, што такім чынам хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозцы грузаў.

Сяргей Ерамееў – грамадзянін Беларусі, 1971 года нараджэння, бацька двух няпоўнагадовых дзяцей. Працаваў прыбарыстам у службе КВПіА на ААТ «Нафтан». У лістападзе 2020 года ўдзельнічаў у страйку.

Генадзь Смірноў. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Стала вядома пра вызваленне двух палітвязняў. Адзін з іх – Генадзь Смірноў. Яго асудзілі разам з сынам Вячаславам Смірновым 27 кастрычніка 2021 года ў судзе Ляхавіцкага раёну за абразу Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК РБ). Генадзя таксама абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных справаў (ч.2 арт.363 КК). Генадзя асудзілі да 2,5 гадоў калоніі, ягонага сына – да 2 гадоў «хіміі». Вядома, што Генадзя некалькі разоў змяшчалі ў ШІЗА, а таксама ў ПКТ. Свой тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17, адкуль 9 снежня выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну.

Міхаіл Лапенас. Крыніца: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Таксама на волю выйшаў былы супрацоўнік «Беларуснафты» Міхаіл Лапенас. Ён быў затрыманы 12 траўня 2021 года за ўдзел у закрытым чаце прадпрыемства «Вольнае панства». Згодна з матэрыяламі следства, Міхаіл у закрытым карпаратыўным чаце «з матываў палітычнай варожасці заклікаў удзельнікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, абразіў Юрыя Караева і Аляксандра Лукашэнку». Сведкам па справе праходзіў былы супрацоўнік «Беларуснафты», які і стварыў гэты чат. Ён расказаў, што гэты чат быў створаны выключна для працоўных абмеркаванняў, але пасля выбараў ягоныя ўдзельнікі пачалі пісаць там «пра палітыку».

16 снежня 2021 года нафтавіка асудзілі паводле трох крымінальных артыкулаў да трох гадоў калоніі. Тэрмін мужчына адбываў у шклоўскай калоніі № 17. 9 снежня ён выйшаў на волю.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў