Хто і як можа зацікавіць Лукашэнку ў вызваленні палітычных зняволеных?


На праблему вызвалення палітычных вязняў трэба зірнуць па-новаму і выкарыстаць нестандартныя метады. Праблему трэба разглядаць асобна ад іншых. Стварыць спецыяльную групу, якая будзе працаваць над праблемаю сістэматычна. Варта паглядзець на досвед Нямеччыны, якая з 1963 года выкупіла з ГДР больш за 30 тысяч палітычных вязняў. Трэба звярнуць увагу на магчымасці чаўночнай дыпламатыі, якія яшчэ не выкарысталі. Якую ролю могуць адыграць кіраўніцтва Еўразвязу, папа Рымскі, Кітай і Украіна? Сяргей Пеляса і Дзмітрый Балкунец разважаюць пра новую канцэпцыю для вызвалення палітзняволеных. У працы над ёй яны бралі ўдзел падчас Менскага форуму ў Берліне.

Сяргей Пеляса: На Менскім форуме ў Берліне рабочая група падрыхтавала новую канцэпцыю вызвалення беларускіх палітвязняў. Мы разам працавалі ў гэтай групе, разам з іншымі экспертамі і журналістамі. Мне здаецца, што гэта новая канцэпцыя. Чагосьці такога раней не было. Ці мог бы ты распавесці пра яе галоўныя моманты?

Дзмітрый Балкунец: Галоўная ідэя ў тым, каб пытанне палітвязняў разглядаць асобна ад пытанняў, якія ёсць на палітычным плацдарме. Не разглядаць іх з выбарамі ды іншымі пытаннямі. Самае галоўнае – стварыць міжнародную групу «ad hoc». Яна звычайна ствараецца для вырашэння канкрэтнай праблемы. Такія групы «ad hoc» па палітычных вязнях былі калісьці ў 1960-ыя гады пад эгідай ААН створаныя для вырашэння пытання палітычных вязняў у ПАР. Там працавала група. Яны мелі доступ да палітзняволеных. Я лічу, гэтае пытанне трэба разглядаць не на тым узроўні, на якім мы сёння знаходзімся. Калі гэта будуць рабіць паасобку некаторыя палітычныя дзеячы Еўропы ці нехта іншы, не займаючыся гэтай праблемай кожны дзень, несістэмна, мне здаецца, не будзе ніякіх дасягненняў. Трэба, каб праца была сістэмная. Трэба разумець досвед еўрапейскіх краін, у тым ліку Нямеччыны, якая мае досвед вызвалення палітвязняў. Яны мелі свае метады, калі былі палітвязні ў ГДР. Яны іх выкуплялі. Гэта адзін з метадаў. Магчыма, метад, звязаны з абменам палоннымі, як з Украінай. Магчыма, метад ціску на Лукашэнку праз мяжу. Магчыма, метад дыпламатыі, якую Кісінджэр называў чаўночнай. Магчыма, іншыя спробы, каб разам, маючы ўсе гэтыя метады, выкарыстоўваючы ўсе інструменты, зрабіць усё магчымае для вызвалення палітвязняў. Трэба разумець, што мы, магчыма, не зможам адразу вызваліць усіх. Таму трэба разглядаць палітвязняў паасобку. Разглядаць кожнага чалавека і сітуацыю. Трэба пераасэнсаваць тое, што ёсць, каб такі чалавек з’явіўся з боку Еўразвязу. Магчыма, былы еўрапейскі палітык ці некалькі палітыкаў, якія б маглі гэтую працу ўзяць на сябе і распрацаваць тыя магчымасці, якія ёсць, і дамагчыся вызвалення палітвязняў.

Hавiны
Беларускія дэмсілы і ЗША могуць стварыць працоўную групу па вызваленню палітвязняў
2023.12.07 13:04

Сапраўды, Заходняя Нямеччына з 1963 года, калі не памыляюся, выцягнула з ГДР больш за 30 тысяч палітычных вязняў, наколькі памятаю, у абмен на крэдыты. У іх не было маральнай дылемы, што гэта непрыгожа. Яны на гэта пайшлі. Жыццё чалавека і ягонае здароўе даражэйшыя. Уявім сабе, што ўплывовыя сілы на Захадзе вырашылі зрабіць такую групу «ad hoc» для вырашэння такой праблемы, і пачнем нейкі дыялог з Лукашэнкам толькі ў справе вызвалення палітычных вязняў, не прывязваючы да гэтага выбары, дэмакратызацыю і г. д. Які інтарэс у гэтым у Аляксандра Лукашэнкі? Што можа яго падштурхнуць вызваліць частку палітвязняў, вялікую групу ці, можа, нават усіх?

Магчыма, дыялог – занадта гучна, але нейкі фармат кантактаў для таго, каб, па-першае, выявіць ягоную матывацыю. Мы разумеем для сябе, што ён робіць гэта дзеля помсты. Ён помсціць беларусам, ён спрабуе трымаць сітуацыю ў Беларусі пад кантролем, але таксама, магчыма, ёсць іншыя матывы, чаму ён гэта робіць. Магчыма, ён разглядае як гандаль на будучыню. Магчыма, ёсць іншыя прычыны. Магчыма, з ім ніхто не размаўляе. Аднак у Дубаі ён сустракаўся і меў фотаздымкі са шмат якімі лідарамі еўрапейскіх краін. Пытанне: хто з гэтых лідараў падышоў да Лукашэнкі і запытаў наконт палітвязняў? Я лічу, што ніхто. А чаму? Бо ніхто не працаваў. Там была Урзуля фон дэр Ляен побач з ім на фотаздымку. Яна павіталася з Лукашэнкам? Магчыма, так, павіталася, але на відэа і фота не трапіла. Калі б фон дэр Ляен падышла да Лукашэнкі і запытала яго наконт вызвалення кагось з палітвязняў, якая б ягоная рэакцыя была? Я не ведаю, як ён адкажа адмовай жанчыне. Таму гэта важнае пытанне, каб была распрацаваная канцэпцыя, на якіх наступных сустрэчах, магчыма, будзе Лукашэнка, дзе і хто з ім можа паразмаўляць. Кажуць, што ён у ізаляцыі, але яго запрашаюць на саміт ААН і ён туды прыходзіць. Магчыма, і на іншых пляцоўках будзе ў яго магчымасць сустракацца. Трэба пераасэнсаваць падыходы дзеля таго, каб вызваліць людзей. Гэта сёння галоўнае. Ён кантактуе з многімі палітыкамі.

Мы бачым, што некаторыя асобныя справы палітвязняў удалося вырашыць пазітыўна. Напрыклад, вызваленне трох лідараў, актывістаў польскай меншасці ў Беларусі, а таксама асобна Анджэлікі Борыс. Анджэя Пачобута пакуль не ўдалося. Вызваленне швейцарскай грамадзянкі Наталлі Хершэ, Шклярава, які звязаны з ЗША. Можна гэта зрабіць. У Кіеве, калі я быў на канферэнцыі «Шлях да волі», там прагучала прапанова, ідэя ад аднаго з украінскіх дэпутатаў, каб, можа, Кіеў прызнаў бы беларускіх рэйкавых партызанаў, тых, якія рабілі дыверсіі і сабатаж на чыгунцы падчас вайны, камбатантамі, то бок удзельнікамі вайны на баку Украіны, і далучыць іх да спісу на абмен. Таксама нейкі спосаб. Ціханоўская ў Вашынгтоне казала пра групу ста самых слабых палітвязняў, хворых. Пэўная форма гуманітарнага абмену. Вяртаючыся да размовы пра Лукашэнку ў Кітаі, ці Кітай парадаксальна мог бы тут сыграць сваю ролю? Мы ведаем пра важнасць гэтых транспартных калідораў, чыгуначнага гандлю, які ідзе праз Беларусь у Еўразвяз і наадварот. Тут ЗША і Кітай маглі б мець супольны інтарэс? Напрыклад, дамовіцца, што вайна не распаўсюджваецца па-за Украінай. Лукашэнка для таго, каб крыху зменшыць градус, выпускае частку палітвязняў пад эгідай нейкай міжнароднай групы Еўразвязу ці іншага фармату. Ці магчымая такая супраца нават з кітайскімі камуністамі ў гэтай справе?

Я лічу, што цалкам магчымая. Магчымая нават не са Злучанымі Штатамі, а з Еўразвязам, які пачаў стратэгічны дыялог Еўразвяз – Кітай. У Пекіне адбываецца саміт, куды прыбылі еўрапейскія кіраўнікі. У гэтай сітуацыі, калі б Еўразвяз заняў больш жорсткую пазіцыю наконт палітвязняў у Беларусі і прапанаваў Лукашэнку такую формулу: калі ён не вызваляе палітвязняў, закрываецца чыгунка на ўсе тавары, часткова абмяжоўваецца. Гэта быў бы ціск з боку Кітаю на Лукашэнку. Я лічу, што ў такой сітуацыі ён быў бы вымушаны вызваліць палітвязняў. Але сёння пытанне палітвязняў не гучыць у Еўразвязе на тым узроўні, на якім павінна гучаць. Таму я лічу, што кожны грамадзянін Беларусі, які мае магчымасць казаць пра гэта ў медыях ці пісаць петыцыі, ці акцыі рабіць у еўрапейскіх сталіцах, – мы павінны гэта рабіць, бо беларуская дыяспара за межамі вельмі моцная. Трэба больш актыўна гэтую тэму падымаць і пісаць петыцыі, каб вядомыя еўрапейскія палітыкі гэтую тэму падымалі для сваіх палітыкаў і краін. У тым ліку для Польшчы, Літвы, Бруселю, Нямеччыны, каб гэтая тэма гучала. Каб еўрапейскім лідарам было некамфортна, калі іх пытаюць наконт палітвязняў. Так, гэта беларускае пытанне. Я лічу, што Еўразвяз сёння мае магчымасць для вызвалення палітвязняў. Гэта невялікая праблема, але ёй ніхто сістэмна не займаецца. Гэта праблема, таму была прапанаваная такая мадэль – стварыць міжнародную групу «ad hoc», якую б мог узначаліць хтосьці з вядомых еўрапейскіх палітыкаў, аўтарытэтных для Лукашэнкі.

І нетаксічных для яго.

Ён ні з кім з беларускіх апазіцыйных палітыкаў не сядзе за адзін стол і не будзе гэтай тэмы абмяркоўваць. Я лічу, што ў такую групу ніхто з беларускіх апазіцыйных палітыкаў уваходзіць не павінен. Але можа кансультаваць, калі мае досвед. Пра што можа кансультаваць нехта з палітыкаў, калі ён ніколі не бачыў Лукашэнкі? Калі чалавек разумее ягоныя паводзіны, магчыма, працаваў з ім, то гэтыя людзі большую карысць прынясуць для такой кансультацыйнай групы. Гэта павінна быць такая група, якая… магчыма, калі яны змогуць дамагчыся вызвалення, нават будуць мець пазітыўны рэйтынг у сваіх краінах.

Намінацыя на Нобэлеўскую прэмію міру?

Магчыма, трохі меней, але гэта больш маральны аспект. Магчыма, папа Рымскі. Я не першы раз бачыў, што вядуцца такія размовы, што папа Рымскі можа папрасіць Лукашэнку. Я думаю, што ён ужо гэта рабіў, але гэтыя крокі могуць прывесці не толькі да вызвалення палітвязняў, але таксама да спынення рэпрэсій у Беларусі. Калі Лукашэнку пачнуць прасіць спыніць рэпрэсіі, вызваліць таго ці іншага палітыка, яму будзе некамфортна. Калі ён быў у Дубаі, там было 150 лідараў. Калі б кожны з іх падышоў да Лукашэнкі, акрамя людаедаў, дастаў паперку і папрасіў вызваліць людзей, яму было б некамфортна, амаральна такія пытанні вырашаць, бо яго пытаюць не пра эканоміку, а пра людзей.

Мы заняліся гэтай справай на Менскім форуме ў Берліне. Хаця першапачаткова гэтая тэма ў такім ключы рэкамендацый для вызвалення палітвязняў не планавалася. Планавалася тэма аб рэабілітацыі палітвязняў, але мы гэтую тэму высунулі і агучылі. На канферэнцыі былі досыць высокапастаўленыя нямецкія палітыкі. Спадзяюся, што нас там пачулі. Пакуль беларускія палітвязні за кратамі, мы павінны працаваць над тым, каб як найхутчэй вызваліць іх з лукашэнкаўскіх турмаў.

Размова выйшла ў праграме «ПраСвет» 07.12.2023.

belsat.eu

Стужка навінаў