Агучаны вырак па справе валанцёраў фонду «Краіна для жыцця»


Па справе праходзілі валанцёры фонду Антон Сташэўскі, Юлія Сырых, Таццяна Астроўская, а таксама Марына Дуброўская. Але Сырых і Астроўскай на лаве падсудных не было – яны з’ехалі з Беларусі.

Як паведамляе ПЦ «Вясна», Антона Сташэўскага, Юлію Сырых, Таццяну Астроўскую і Марыну Дуброўскую затрымалі 9 ліпеня 2021 года падчас «шырокамаштабнай аперацыі па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў», якую ладзіў КДБ. Спачатку ім выставілі абвінавачванні па арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»).

Амаль праз год жанчынам змянілі меры стрымання, бо дзеянні перакваліфікавалі на больш «мяккі» артыкул. Юлія і Таццяна пасля гэтага зʼехалі з Беларусі (валанцёрак абвясцілі ў вышук і вылучылі справу ў асобную вытворчасць), а Марына засталася пад хатнім арыштам.

Марына Дуброўская і Антон Сташэўскі. Крыніца: spring96.org

У выніку Антона Сташэўскага судзілі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), а Марыну Дуброўскую – паводле ч. 2 арт. 342 КК («Навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама іх фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне»).

11 лістапада суддзя Менгарсуду Дзіна Кучук прызначыла Сташэўскаму 8 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму, а Дуброўскай – 1,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, яе арыштавалі ў зале суда (раней яна знаходзілася пад хатнім арыштам). На жанчыну надзелі кайданкі ў зале суда адразу пасля абвяшчэння прысуду. Яе ўзялі пад варту, нягледзячы на тое, што ў яе маленькае дзіця, адзначаюць праваабаронцы.

Hавiны
Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 11 лістапада
2022.11.11 21:26

Нагадаем, па стане на 11 лістапада ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1421 чалавек.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў