Затрыманне прафесара ў Магілёве і новы працэс над Бабарыкам. Хроніка рэпрэсіяў за 11 кастрычніка


Лукашэнкаўскі рэжым не спыняе рэпрэсіяў супраць беларускага народу. Затрыманні, суды і здзекі над палітвязнямі працягваюцца штодзень. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», судовая сістэма рэпрэсавала ў верасні 2023 года з палітычных прычын як мінімум 139 чалавек. «Белсат» адсочвае падзеі, бо гэта важна для будучай і новай Беларусі.

Беларуская дыяспара Беластоку ладзіла акцыю салідарнасці з усімі беларускімі палітзняволенымі. Беласток, Польшча. 4 снежная 2022 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: чытачы / Белсат

11 кастрычніка дзякуючы Альянсу расследавальнікаў Беларусі стала вядома, што Вярхоўны суд прызначыў яшчэ адзін працэс у «справе Віктара Бабарыкі». Пасяджэнне адбудзецца 19 кастрычніка.

Сёння «Белсат» пісаў пра тое, што працоўная група ААН у справе адвольных затрыманняў адказала на зварот праваабарончай арганізацыі «Freedom Now» і прызнала зняволенне беларускага блогера і журналіста Ігара Лосіка незаконным дзеяннем, якое парушае міжнароднае права.

Суды над Дашкевічам і Сільвеструком

Праваабаронцы «Вясны» паведамілі пра жорсткі прысуд у Горадні. Абласны суд прысудзіў палітвязня Аляксандра Юшкевіча да 8 гадоў калоніі ў справе «Чорнай кнігі Беларусі». Прозвішча і імя так званага суддзі – Дзмітрый Бубенчык.

У Берасці агучылі прысуд Паўлу Каралевічу, якога вінавацілі ў «абразе» Лукашэнкі. Вырак: паўтара года калоніі. Яго агучваў «суддзя» Яўген Брэган.

У Барысаве сёння пачаўся новы працэс над палітвязнем Змітром Дашкевічам. Справу разглядае Таццяна Дзеравянка. Памятаем, што Зміцер Дашкевіч мусіў выйсці на свабоду 11 ліпеня 2023 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы, распачатай супраць яго паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Ніякай канкрэтнай інфармацыі з пачатку працэсу пакуль няма.

Толькі 11 кастрычніка стала вядома, што 27 верасня распачаўся працэс у дачыненні аўтара тэлеграм-каналу «Серебряный век. Футбол Беларуси» і экс-супрацоўніка «Народнай газеты» Дзмітрыя Сельвеструка. Ці быў ужо прысуд – пакуль не ведаем. Дзмітрыю пагражала да 6 гадоў калоніі па палітычнай справе.

Святлану Лупач пачнуць судзіць 16 кастрычніка

Праваабаронцы паведамілі, што суд над палітзняволенай Святланай Лупач пачнецца 16 кастрычніка.

Супраць былога палітвязня Віталя Жука завялі новую «крыміналку» – за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Мужчына выйшаў на свабоду яшчэ ў снежні 2022 года і паспеў выехаць з Беларусі.

З розных гарадоў прыходзіла таксама інфармацыя аб затрыманнях. Гэтак, у Менску ГУБАЗіК затрымаў працаўніцу Беларускай дзяржаўнай філармоніі Кацярыну Шапавалаву, якая ў 2020 годзе спявала каля філармоніі гімн «Магутны Божа». А ў Магілёве схапілі прафесара, вядомага географа і краязнаўцу географ Ігара Шаруху.

Hавiны
У Магілёве затрымалі прафесара і кандыдата педагагічных навук Ігара Шаруху
2023.10.11 17:45

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў