Сілавікі затрымалі 17-гадовага падлетка за тату пра «расейскі вайсковы карабель»


ГУБАЗіК затрымаў 17-гадовага хлопца за тату пра «расейскі вайсковы карабель». Ягоны здымак, а таксама фота татуіроўкі падлетка, з’явіліся ў праўладных тэлеграм-каналах.

Тату затрыманага. Крыніца: guBAZA / Telegram

На «пакаянным» відэа хлопец кажа, што вучыцца ў Менскім дзяржаўным каледжы тэхнікі і тэхналогій будаўніцтва на 3 курсе.

«Раней быў судзімы за апаганенне дзяржаўнай уласнасці ў 2021 годзе і ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мітынгах. У 2020 годзе мне было 15 гадоў. Я меў зносіны з прадстаўнікамі чат-боту «Голас» і ў 2021 годзе прайшоў рэгістрацыю ў чат-боте «План перамога». У 2022 годзе набіў татуіроўку, якая зневажае гонар і годнасць расейскіх вайскоўцаў», – кажа ён на відэа сілавікоў.

Як вылічылі падлетка – невядома. Раней у такіх выпадках сілавікі прымушалі людзей выводзіць «няправільныя» тату. На відэа хлопец таксама кажа, што абавязваецца вывесці гэтую татуіроўку пасля адбыцця пакарання. Аднак пра далейшы лёс хлопца нічога.

Фраза «Расейскі ваенны карабель, ідзі на х**» з’явілася ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе. Яна звязаная з падзеямі на востраве Змяіны.

Нагадаем: у першы дзень вайны 24 лютага ў Дзяржпагранслужбе Украіны паведамілі аб захопе вострава Змяіны. Пасля расейскага абстрэлу была разбурана інфраструктура на востраве. Пазней у сетку патрапілі перамовы ўкраінскіх памежнікаў з расейцамі. Расейскі карабель прапанаваў гарнізону выспы Змяіны здацца, аднак украінцы адмовіліся і сказалі ў адказ вядомую фразу. Пасля гэтага адбыўся магутны абстрэл выспы, падчас якой 13 памежнікаў загінулі, астатніх узялі ў палон.

Пазней фраза стала актыўна выкарыстоўвацца ў культурнай сферы, СМІ, мастацтве, на масавых акцыях. Украінская пошта нават выпусціла марку з фразай і спецыяльным дызайнам, чарга за якой расцягвалася на некалькі гадзінаў.

Фота
У Кіеве пачалі продаж новай маркі «Расейскі ваенны карабель, ідзі *****». Чэргі заблакавалі працу «Укрпошты»
2022.05.23 21:41

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў