Добраахвотнік Дзяніс Урбановіч ізноў паранены


10 верасня з’явілася інфармацыя, што прадстаўнік батальёну «Волат» Дзяніс Урбановіч з пазыўным Ваўкалак атрымаў чарговае раненне.

Дзяніс Урбановіч на фронце ва Украіне
Дзяніс Урбановіч на фронце ва Украіне.
Фота: Дзяніс Урбановіч / Svaboda.org

Інфармацыя з’явілася ў тэлеграм-канале «Малады фронт. Беларусь»:

«Кіраўнік арганізацыі Дзяніс Урбановіч на дадзены момант у шпіталі, яго стан здароўя больш-менш добры. Параненні, кантузія, парвана правая вушная перапонка, аскепачнае параненне ў правую руку».

Гэта ўжо далёка не першае раненне Дзяніса. У студзені 2023 года быў цяжка паранены ў баях каля Бахмуту, тады куля трапіла яму ў грудную клетку, пасля чаго была зробленая аперацыя ў вайсковым шпіталі.

У верасні 2022 года Дзяніс атрымаў кантузію ад выбуху міны, пасля чаго з’явіліся праблемы са слыхам ў левым вусе. У канцы 2022-га Урбановіч быў паранены ў руку, а пасля – зноў кантужаны, бо акоп, у якім быў баец, расейскія вайскоўцы закідалі гранатамі.

Агулам Урбановіч быў паранены ўжо пяць разоў, кожны раз ён ізноў вяртаўся на фронт.

У сакавіку 2023 года да бацькі Урбановіча, які жыве ў Беларусі, прыходзілі сілавікі і прымусілі яго запісаць відэа, на якім мужчына звяртаецца да сына з просьбаю, каб той капітуляваў і вяртаўся на радзіму: «Адсядзіш дзясятку якую, ну і чорт з ім, затое будзеш жыць на радзіме». У тэлеграм-канале сілавікоў сцвярджалі, што на Дзяніса завялі крымінальную справу за сяброўства ў «Маладым фронце», які ўлады Беларусі прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.

Дзянісу Урбановічу 34 гады. Ён быў чацвёртым старшынём «Маладога фронту». Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015-га зняў дзяржаўны сцяг з будынку выбарчага ўчастку ў вёсцы Кораньшчына. Да 29 жніўня 2017 года адбываў пакаранне на «хіміі». У 2018-м браў удзел у абароне Курапатаў. У 2022-м пасля ўварвання Расеі ва Украіну паехаў на фронт, ваюе ў батальёне «Волат» з пазыўным Ваўкалак.

Ваяры
Гісторыя ўратавання Ваўкалака, параненага ў Бахмуце
2023.02.06 14:56

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў