У турме палітзняволеная Вікторыя Кульша зрабіла бел-чырвона-белы пярсцёнак, каб усе бачылі, за што яе асудзілі


39-гадовая жыхарка Менску Вікторыя Кульша цяпер за кратамі ў Жодзінскай турме. Палітзняволеная, якую асудзілі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») была адміністратарам Telegram-каналу «Кіроўцы 97». Родныя і блізкія Вікторыі распавялі, «Белсату» што нават за кратамі жанчына бароніць свае правы і дэманструе, што асудзілі яе паводле палітычных прычынаў.

Палітзняволеная Вікторыя Кульша.
Фота: прадстаўленае Белсату

Вікторыю Кульшу арыштавалі 4 лістапада летась. З таго часу яна за кратамі. Да суда 39-гадовую жыхарку Менску ўтрымлівалі ў СІЗА на Валадарскага.

Вядома, што яшчэ на Валадарцы Вікторыя была ў камеры адзіночнага тыпу, у ШЫЗА, а таксама ў карцары. Такія пакаранні адміністрацыя СІЗА выносіла за бел-чырвона-белую заколку і за абвешчаныя галадаванні.

«Мы даведаліся, што Вікторыя зрабіла імправізаваны пярсцёнак з коркаў ад напояў бел-чырвона-белага колераў. Гэта прыводзіла адміністрацыю СІЗА ў шаленства. Але яна дэманстратыўна не здымае гэты пярсцёнак, дэманструе, што менавіта гэты сцяг стаў прычынаю для яе затрымання і прысуду, што яе пераследуюць паводле палітычных прычынаў і не мае намеру яго здымаць», – распавялі «Белсату» знаёмыя Вікторыі.

Палітзняволеная Вікторыя Кульша.
Фота: прадстаўленае Белсату

Вікторыю абвінавацілі паводле чч. 1 і 2 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Жанчына была адміністратарам Telegram-каналу «Кіроўцы 97». Яе затрымалі працаўнікі ГУБАЗіК і абвінавацілі паводле арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). У лютым 2021 года абвінавачванне перакваліфікавалі.

Пракурор падчас суда запатрабаваў для Вікторыі 2 гады і 6 месяцаў зняволення. 4 чэрвеня 2021 году суддзя Жанна Хвайніцкая падтрымала абвінавачванне і прысудзіла Вікторыі 2,5 гады турэмнага зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Вікторыя не прызнала сваёй віны і падала скаргу на прысуд у Менску гарадскі суд. Разгляд скаргі адбудзецца 31 жніўня.

Артыкулы
«Хочацца дачакацца пераменаў». Беларусь праз год пасля выбараў
2021.08.11 12:35

Цяпер Вікторыя Кульша ў Жодзінскай турме. Усе кантакты з палітзняволенай адбываюцца праз адвакатаў.

«На Валадарцы дазвалялі сустракацца з роднымі і блізкімі. Але пасля таго, як Вікторыю этапавалі ў Жодзіна, то родным толькі адзін раз дазволілі сустрэцца. На звароты і запыты пра сустрэчу, міліцыянты адказвалі, што нібыта Вікторыя знаходзіцца ў карцары і сустрэчы забароненыя. Пасля таго, як тэрміны ў карцары сканчаліся, родныя ізноў звярталіся з просьбай пра сустрэчу, але ў адказ гучала, што ёй працягнулі карцар. Пасля таго, як справу перадалі ў гарадскі суд Менску, родным паведамілі, што сустрэч з зняволенай ажно да разгляду скаргі не будзе», – кажуць блізкія Вікторыі.

Родныя і блізкія палітзняволенай неаднаразова звярталіся да міліцыянтаў з просьбай патлумачыць, за што Вікторыі прызначалі карцары, але адміністрацыя турмы адказала, што маўляў, гэтую інфармацыю блізкія ведаць не павінныя.

Даведка

Падтрымаць Вікторыю можна лістом: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А. Вікторыя Кульша

Вядома, што яшчэ на Валадарскага Вікторыя была ў камеры, дзе змясцілі шэсць зняволеных. Акрамя яе яшчэ дзве жанчыны таксама чакалі суда паводле палітычных матываў. Адной з іх была студэнтка Ася. Усёй камерай яны сябравалі, падтрымлівалі адна-адну. А ў Жодзіне ў камеры з Вікторыяй у камеры няма палітвязняў. Яе суседзі асуджаныя крымінальнікі.

Артыкулы
Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі з СІЗА № 7 у гомельскую жаночую калонію
2021.08.11 14:53

СК belsat.eu

Стужка навінаў