Расея часова спыняе працу галоўнага газаправоду ў Еўропу


З 11 ліпеня «Газпром» перакрывае галоўны маршрут экспарту газу – трубаправод «Паўночная плынь» у Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

У бліжэйшыя дні аб’ёмы будуць скарочаныя да гістарычнага мінімуму. Яшчэ тры гады таму «Газпром» штодня адпраўляў у Еўропу да 500 млн кубаметраў за содні. У найбліжэйшыя 10 дзён Еўропе абяцаюць усяго 75 млн.

Афіцыйная прычына спынення працы газаправоду – прафілактычныя працы, якія павінны працягнуцца 10 дзён. Аднак Еўразвяз баіцца, што гэта назаўжды, і рыхтуецца да найгоршага.

«Сітуацыя вельмі сур’ёзная, і крызіс можа яшчэ ўзмацніцца. Не выключана, што Расея працягне скарачаць экспарт газу», – прызнала незадоўга да прафілактыкі «Паўночнай плыні» еўракамісарка Кадры Сімсан.

Еўракамісія ўжо да канца гэтага тыдня прэзентуе краінам ЕЗ надзвычайны план барацьбы з энергетычным крызісам. У аснову плану лягуць дзве ключавыя ідэі: салідарнасць у справе размеркавання існых запасаў і бягучых паставак, а таксама салідарнае скарачэнне попыту.

Расея паступова прыкручвае газавы кран увесь апошні год. Мінулаю зімою скарачэнне экспарту абярнулася дэфіцытам у Еўропе і рэкордавым скачком цэнаў – спачатку на газ, а затым і на ўсё астатняе. Гэта было яшчэ да нападу на Украіну. А з пачаткам уварвання Крэмль абраў газ галоўнай прыладай энергетычнай вайны супраць ЕЗ, бо ад расейскага газу Еўразвяз цалкам адмовіцца пакуль не можа.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў