У Мінабароны Украіны распавялі, для чаго Расея падарвала Кахоўскую ГЭС


Мэтай падрыву Кахоўскай ГЭС магло быць вызваленне расейскіх войскаў для ўдзелу ў баях на іншых кірунках. Пра гэта 11 чэрвеня заявіла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр.

Ганна Маляр, намесніца міністра абароны Украіны.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Паводле ўкраінскага Мінабароны, Расея перасоўвае свае найболей баяздольныя часткі з Херсонскага кірунку, перадусім марской пяхоты, паветрана-дэсантных войскаў і 49-й арміі.

«Таму становіцца відавочнай мэта падрыву Кахоўскай ГЭС расейцамі. Так, улічваючы ўласныя страты і абмежаванасць у рэзервах, разумеючы тым самым няздольнасць стрымаць украінскі наступ на розных напрамках, камандаванне расейскіх акупацыйных войскаў вырашыла «звузіць» магчымую геаграфію актыўных дзеянняў ЗСУ», – адзначыла Ганна Маляр.

Hавiны
Пасля падрыву ГЭС узровень вады ў Кахоўскім вадасховішчы ўпаў на 7 метраў
2023.06.11 11:31

Паводле яе, падрыў Кахоўскай ГЭС «ажыццяўляўся з разліку не дапусціць правядзення наступу Сіламі абароны Украіны на Херсонскім напрамку і вызваліць неабходныя рэзервы для іх перакідкі на Запарожскі і Бахмуцкі напрамкі». Акрамя таго, разбурэннем Кахоўскай ГЭС Расея спрабуе адцягнуць частку сіл і рэсурсаў Сілаў абароны Украіны на ліквідацыю тэхнагеннай катастрофы, «тым самым зрабіць немагчымым вызваленне акупаваных тэрыторый на левабярэжнай частцы Херсонскай вобласці», кажа Маляр.

ААН не пусцілі на левы бераг Дняпра

Як паведаміў намеснік генеральнага сакратара ААН Марцін Грыфітс, пасля падрыву Кахоўскай ГЭС доступу да пітной вады няма прыкладна ў 700 тысяч асобаў як на падкантрольных Украіне, так і акупаваных Расеяй тэрыторыях, піша AP.

Паводле Грыфітса, на падкантрольных Украіне тэрыторыях ААН змагла дапамагчы 30 тысячам асобаў. Але Расея не дала арганізацыі доступ на акупаваныя тэрыторыі для аказання дапамогі ахвярам паводак.

Грыфітс зазначыў, што пакуль гэта толькі пачатак наступстваў падрыву. Ён папярэдзіў, што разбуральныя наступствы паводкі ў адной з самых важных жытніц свету амаль непазбежна спрычыняцца да скарачэння экспарту збожжа, павышэння цэн на прадукты харчавання ва ўсім свеце і скарачэння аб’ёмаў ежы для мільёнаў патрабуючых.

Hавiны
Сотні людзей зніклі на захопленым Расеяй левабярэжжы Дняпра. Вайскоўцы замінаюць эвакуацыі
2023.06.10 14:54

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў