У музыкі «Tor Band» Яўгена Бурло не пацвердзілася рэцыдыву анкалагічнай хваробы, але дыягназ цяжкі


Удзельніку славутага рагачоўскага музычнага гурта дазволілі перасоўвацца на мыліцах у СІЗА, ён цяпер у медсанчастцы з паказаннямі пасцельнага рэжыму, паведамляе «Гомельская вясна» са спасылкай на ўласную крыніцу.

Яўген Бурло.
Фота: Onliner.by

Яўгену Бурло зрабілі камп’ютарную тамаграфію, што не пацвердзіла рэцыдыву анкалагічнай хваробы. Але дыягназ усё ж сур’ёзны – некроз тазабедраных суставаў.

«З гэтай прычыны музыку дазволілі мець у СІЗА мыліцы і таксама паказаны пасцельны рэжым. Акрамя таго, яго ўтрымліваюць не ў звычайнай камеры, а ў медсанчастцы СІЗА і аказваюць дапамогу», – сцвярджае крыніца «Гомельскай вясны».

10 траўня з’явілася інфармацыя, што ў палітзняволенага музыкі гурта «Tor Band» Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, якое ён меў яшчэ да затрымання. Яўген моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна.

Напярэдадні, 9 траўня, палітзняволены адзначыў у СІЗА свой дзень народзінаў, яму споўнілася 32 гады.

Яўгена і яшчэ двух удзельнікаў гурта «Tor Band» затрымалі 28 кастрычніка 2022 года. Спачатку іх некалькі разоў запар судзілі паводле адміністратыўных артыкулаў, а гурт за гэты час прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Пазней на музыкаў завялі крымінальныя справы. Сілавікі затрымоўвалі і прыходзілі з ператрусамі нават да іхных знаёмых, а таксама да людзей, якія здымаліся ў кліпах гурта. Да гэтага часу не вядома, у чым абвінавачваюць музыкаў.

«Tor Band» стаў вядомы ў 2020 годзе. Песні гурта беларусы спявалі падчас вулічных маршаў. Кліпы на творы «Мы не народец», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі разам каля 5 мільёнаў праглядаў на YouTube.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў