На трох удзельнікаў гурта «Tor Band» завялі крымінальную справу


Супраць трох удзельнікаў музычнага гурта «Tor Band» з Рагачова распачалі крымінальныя справы, паведамляе «Наша Ніва». Якія абвінавачанні закідаюць музыкам – пакуль не вядома.

Злева направа: Яўген Бурла, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык.
Фота: babruysk.by

Цяпер пад следствам застаюцца Дзмітрый Галавач, Яўген Бурла і Андрэй Ярэмчык. Іх перавялі з ізалятару часовага ўтрымання ў СІЗА Гомля. Вядома, што жонка Дзмітрыя Галавача Юлія, якую таксама прызналі ўдзельніцай экстрэмісцкага фармавання «Tor Band», цяпер на волі і ў бяспецы.

Нагадаем, 20 студзеня стала вядома, што КДБ прызнаў групу «экстрэмісцкім фармаваннем».

Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове нібыта за падпіску на экстрэмісцкія каналы і перасыланне паведамленняў з іх, а потым некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў. Праваабаронцы пазней паведамлялі, што рагачоўскіх музыкаў судзілі асобна за кожную песню, на канец снежня яны так і не выйшлі на волю, правёўшы за кратамі два месяцы. У лістападзе іхныя творы прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

«Tor Band» – вядомы беларускі гурт. Кліпы на песні «Мы не «народец», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі разам каля 5 мільёнаў праглядаў на YouTube.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў