Польшча можа выслаць расейскага пасла праз ракету, знойдзеную пад Быдгашчам


Польскі тэхналагічны інстытут вайскова-паветраных сілаў пацвердзіў, што пад Быдгашчам упала расейская ракета. Экспертыза рыхтуецца для перадачы ў пракуратуру. Былы амбасадар Польшчы ў Кіеве Ян Пекла мяркуе, што гэта нагода, каб выслаць пасла Расеі з Польшчы.

Здымак з месца, дзе знайшлі рэшткі неапазнанага «паветранага вайсковага аб’екту».
Фота: rmf24.pl

У канцы красавіка пад польскім горадам Быдгашч знайшлі абломкі «паветранага вайсковага аб’екту». Цяпер экспертыза вызначыла, што гэта была ракета Х-55, якая прыляцела з-за ўсходняй мяжы і належыць Расеі.

Былы амбасадар Польшчы ў Кіеве Ян Пекла кажа, што пасля канчатковага пацверджання, што гэта расейцы запусцілі ракету ў бок Польшчы, расейскі амбасадар Сяргей Андрэеў мусіць быць выкліканы ў МЗС, атрымаць дыпламатычную ноту і больш за тое – выехаць з Польшчы.

«На маю думку, ён таксама мусіць пакінуць Польшчу. З нейкіх прычынаў гэта не было зроблена, магчыма, цяпер пабачым гэты сцэнар», – сказаў былы дыпламат.

Генерал Раман Полька, былы афіцэр паветрана-дэсантных войскаў і спецыяльных сілаў, устрывожаны тым, што польская СПА не заўважыла ракеты.

«З усіх пунктаў гледжання гэта далейшая кампраметацыя і катастрофа з нашага боку. Узровень камунікацыі ў дачыненні цывільнага насельніцтва трывожны», – пракаментаваў вайсковец дзейнасць польскіх службаў.  На ягоную думку, дагэтуль не стае дакладнага тлумачэння сітуацыі палякам.

Таксама, кажа Полька, з вайсковага пункту гледжання польскі бок робіць «недаравальныя памылкі».

«Не веру, што гэтага палёту не было на радарах. Гэта ракета, што манеўруе, таму пасля зніжэння яна магла знікнуць з радараў, але тады яе трэба было шукаць. Відавочна, яна мусіла быць збітая раней, – кажа вайсковец. – Гэта ракета, што можа пераносіць ядравыя боегалоўкі на адлегласць дзве тысячы кіламетраў. Гэтая не была ўзброеная, але як павялі сябе нашыя сістэмы?»

Ян Пекла мяркуе, што запускам гэтай ракеты расейцы выпрабоўвалі польскую супрацьпаветраную абарону, як раней неаднаразова рабілі гэта ў дачыненні Украіны.

«Патрэбнае хуткае высвятленне грамадскага меркавання і захады ў дачыненні пасла Расеі», – зазначае Ян Пекла і не выключае, што Сяргей Андрэеў сам папросіць Маскву адклікаць яго.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў