«Вайсковы білет ЗСУ нічога не значыць». Украінскі банк адмовіўся абслугоўваць байца палка Каліноўскага


Беларуса Андрэя Кушнярова, які ваяваў за Украіну ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага, адмовіліся абслугоўваць у львоўскім аддзяленні «Крэдабанку», дзе мужчына хацеў аплаціць візавы збор. Банк спаслаўся на закон, які забараняе праводзіць валютныя аперацыі з беларусамі. «Белсат» пагутарыў з Андрэем пра тое, як удалося развязаць праблему, які ўвогуле сёння стан беларусаў ва Украіне. Таксама мы запыталіся ў каардынатаркі «Free Belarus Centre» Паліны Бродзік, ці робіцца штосьці для паляпшэння сітуацыі.

Памочнік цэнтру «Ланка» і былы добраахвотнік батальёну «Волат» палка Кастуся Каліноўскага Андрэй Кушняроў. Кіеўская вобласць, Украіна. 1 красавіка 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Праблемы пачынаюцца, калі чуюць пра грамадзянства»

Андрэй Кушняроў прыехаў ва Украіну яшчэ ў сакавіку 2022 года, амаль адразу пасля ўварвання Расеі. Тады маладзён уступіў у полк «Азоў». Крыху пазней далучыўся да навастворанага батальёну імя Кастуся Каліноўскага, які пазней зрабіўся палком Каліноўскага. Андрэй адваяваў калі шасці месяцаў, і цяпер разам з аднадумцамі ён стварае ветэранскую арганізацыю, якая аб’яднае беларусаў, што служылі ў складзе ЗСУ.

Філіялы арганізацыі будуць у Польшчы і Літве. Дзеля вырашэння пэўных пытанняў Андрэю трэба ехаць у Польшчу. Каб атрымаць візу, трэба аплаціць консульскі збор. Зрабіць гэта можна толькі ў «Крэдабанку», у львоўскае аддзяленне якога былы жаўнер і пайшоў. Калі працаўніца банку ўбачыла беларускі пашпарт Андрэя, то адмовілася яго абслугоўваць.

«Гэта дастаткова стандартная сітуацыя для беларусаў – такія адмовы ў банках, – кажа Андрэй. – Справа ў тым, што ёсць пастанова, якая забараняе здзяйсняць банкаўскія аперацыі з беларусамі. На практыцы шмат залежыць ад змены – часам атрымліваецца і дамовіцца, часцей, на жаль, як у маім выпадку, не атрымліваецца. Пры гэтым, аперацыі ў грыўнях можна праводзіць, бо не патрэбны пашпарт, як у выпадку з валютнымі аперацыямі. Праблемы пачынаюцца, калі чуюць пра грамадзянства».

Андрэй паказаў у банку свой вайсковы білет ЗСУ, таксама ў маладзёна пры сабе былі даведка аб праходжанні службы, арыгінал кантракту, але і гэта не спрацавала – працаўніца банку сказала, што «ваш вайсковы білет нічога тут не значыць», калі пашпарт – беларускі.

«Каля амбасады ёсць чалавек, украінец, які за пэўную плату прапаноўвае замест беларуса аплаціць, – распавядае Андрэй Кушняроў. – Гэта, вядома, не вельмі легальна, але шмат для каго – рэальнае выйсце. За мяне ўжо ў Кіеве аплаціла мая жонка – грамадзянка Украіны. Толькі так я змог падаць заяву на візу».

«Украінцы кажуць: лабіюйце свае інтарэсы, крычыце пра іх»

Паводле Андрэя, адмовы абслугоўваць банках – не адзіная праблема, з якой сутыкаюцца беларусы ва Украіне, сярод якіх і жаўнеры ЗСУ.

«Напэўна, самы гучны выпадак быў, калі беларусам, якія ваююць за Украіну, адмовілі ў пасмяротных выплатах. Дагэтуль цяжка атрымаць від на жыхарства, і служба ў арміі не ёсць падставай для яго атрымання, – кажа Андрэй. – У выніку літаральна ўсе, хто звальняецца са службы з розных прычынаў, праз 180 дзён павінны выехаць з тэрыторыі Украіны. Мы пастаянна сутыкаемся з гэтым».

Адначасова Андрэй зазначае, што з боку шараговых украінцаў ён кепскага стаўлення не бачыць.

«Думаю, тут уплывае, што я ваюю за Украіну, таму да мяне вельмі добрае стаўленне, – кажа маладзён. – Але са звычайнымі людзьмі бывае рознае. З аднаго боку, я разумею стаўленне да беларусаў як да людзей, якія ў сваёй краіне так ці інакш дапусцілі такую дыктатуру. Украінцаў мала хвалююць асаблівасці нашай сітуацыі, у іх іншае ўяўленне пра тое, як усё павінна працаваць».

Калі ж беларус валанцёрыць ва Украіне, ідзе на фронт, далучаецца да ініцыятываў мясцовых, дапамагае – стаўленне да яго цалкам добрае, як да сваіх, зазначае былы каліновец.

«На жаль, законы, якія тут прымаюцца, не ўлічваюць гэтых людзей і іхнай працы, і гэта кепска, – кажа Андрэй. – Я лічу, што гэта вельмі важная справа для Украіны, іміджавая, і тое, што ўсіх грабуць пад адну грабёнку, б’е па рэпутацыі Украіны. Як, напрыклад, у выпадку з Эдуардам Лобавым, які падбіў некалькі адзінак варожай тэхнікі, загінуў за Украіну, а ягоным сваякам адмаўляюць у пасмяротных выплатах. Гэта сорам і ганьба для ЗСУ і Украіны ў цэлым».

Андрэй не аднойчы размаўляў пра гэтыя праблемы з украінскімі палітыкамі. Яны адказваюць: лабіюйце свае інтарэсы, яднайцеся, кажыце паўсюль пра гэта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адзін з рэкрутаў палка Каліноўскага падчас стральбы ў трэніровачныя мішэні. Украіна. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

«Кажуць: ідзіце ў прэсу – чаму вашыя медыі пра гэта не пішуць? Чаму вашыя апазіцыйныя палітыкі пра гэта не кажуць? Маўляў, так у нас уладкаванае грамадства – трэба крычаць пра праблему, – распавядае беларус. – Я сумняваўся спачатку, ці трэба распавядаць пра мой выпадак з банкам, а потым падумаў – усё ж трэба, мо, гэта іншым дапаможа. А Украіна, яна такая – тут трэба за свае правы актыўна змагацца, аб’ядноўвацца, прабіваць свае інтарэсы».

Што парушае «Крэдабанк», калі адмаўляецца абслугоўваць беларусаў?

Пра тое, як сёння выглядае стан беларусаў ва Украіне, якія праблемы ўзнікаюць, мы пагутарылі з каардынатаркай «Free Belarus Centre», сяброўкай Каардынацыйнай рады Палінай Бродзік.

Паліна зазначае, што Пастанова прэзідэнта Украіны аб абмежаванні банкаўскіх паслугаў для беларусаў і расейцаў была прынятая амаль адразу пасля ўварвання Расеі ва Украіну, і з таго часу амаль нічога не змянілася. Аднак актывістка звяртае ўвагу на тое, што ва ўказе гаворыцца пра забарону аказання банкаўскіх паслуг рэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

«То бок, людзі, якія не ёсць рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь ці Расейскай Федэрацыі, могуць абслугоўвацца ва ўкраінскіх банках. Але трактуецца ўсё па-свойму, – кажа Паліна. – Было тлумачэнне Нацбанку Украіны, што яны неўпаўнаважаныя высвятляць рэзідэнцтва ў іншых юрысдыкцыях, акрамя ўкраінскай. Гэта значыць, што яны прымаюць дакументы толькі ад тых, хто мае пастаянны від на жыхарства ці больш сур’ёзныя дакументы. З часовым відам на жыхарства ці без яго не абслугоўваюць».

Сітуацыю, якая адбылася з Андрэем Кушняровым у банку «Крэда», Паліна Бродзік называе парушэннем дамоўленасцяў украінскага боку з замежнымі партнёрамі. «Крэдабанк» – адзіны банк ва Украіне, які прымае аплату консульскіх збораў пры падачы на польскую візу.

«Адмова прымаць грамадзянаў Беларусі стварае прамую перашкоду для атрымання візы, – кажа актывістка. – Канечне, беларусы шукаюць знаёмых грамадзянаў Украіны ці беларусаў з рэзідэнцтвам, якія могуць дапамагчы, але так быць не павінна».

Сярод самых няпростых пытанняў – легалізацыя беларусаў ва Украіне

«Free Belarus Centre» размаўляў у гэтым пытанні з МЗС Польшчы, прапаноўваў ці павялічыць колькасць банкаў-падрадчыкаў ва Украіне, якія будуць прымаць консульскія зборы, ці правесці перамовы з «Крэдабанкам», каб вырашыць гэтае пытанне.

«Бо калі польская амбасада дэкларуе, што візы грамадзянам Беларусі выдаюцца, яны павінны забяспечыць і ўсе абавязковыя крокі, каб разгляд гэтых дакументаў адбываўся згодна з усімі працэдурамі і нормамі», – тлумачыць Паліна Бродзік.

Каардынатарка «Free Belarus Centre» згадвае таксама сітуацыю з рахункамі беларусаў, якія былі заблакаваныя яшчэ на пачатку вайны, і адзначае, што большасць з іх у такім стане і засталася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Крэдабанк».
Фота: Wojtek Laski / East News

«Былі паспяховыя выпадкі, калі ўдавалася дамовіцца і разблакаваць, калі перамовы ішлі непасрэдна пра канкрэтныя кейсы са Службай бяспекі Украіны. Цяпер такіх паспяховых кейсаў, на жаль, усё менш і менш, і сітуацыя становіцца нават горшай, бо нядаўна адбылася новая хваля блакавання нават тым, каму перад гэтым разблакавалі», – кажа актывістка.

Паліна Бродзік зазначае, што пастаянна вядзецца камунікацыя з украінскімі палітыкамі, народнымі дэпутатамі ў шырокім коле пытанняў, шмат якія з іх больш складаныя, чым абслугоўванне ў банках. Сярод такіх няпростых пытанняў – легалізацыя ва Украіне.

«Гэта, напрыклад, выпадкі, калі ў чалавека скончыўся беларускі пашпарт, ці быў згублены, ці, як была сітуацыя, згарэў у будынку ЗСУ падчас падзення ракеты. Такім людзям складана і ў Польшчу выехаць, бо ці ўкраінскі, ці польскі бок не прапускаюць, і кожны выпадак даводзіцца вырашаць індывідуальна, – распавядае Паліна. – Праблемы ўзнікаюць у добраахвотнікаў. Яны могуць атрымаць вайсковы білет толькі калі легальна застаюцца ва Украіне. Калі тэрмін легальнага перабывання сканчаецца, і білет часова страчваецца, напрыклад, падчас перафарматавання вайсковай адзінкі, наноў атрымаць яго ўжо немагчыма. І ўсё гэта нягледзячы на тое, што цяпер дзейнічае пастанова, згодна з якой грамадзяне Беларусі, якія на момант пачатку актыўных баявых дзеянняў 24 лютага 2022 года мелі на руках дзейны часовы ці пастаянны ВНЖ, могуць ім карыстацца да сканчэння ваеннага стану».

«Сітуацыя змяняецца ў лепшы бок, але вельмі марудна»

Як асобную праблему Паліна Бродзік вылучае адмовы прымаць дакументы на статус уцекача ці доўгі іх разгляд і адмовы.

Каб вырашыць гэтыя і іншыя пытанні, «Free Belarus Centre» вядзе перамовы з народнымі дэпутатамі з міжфракцыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь». Таксама працоўная група створаная ў Каардынацыйнай радзе, і яна стварае механізмы супрацы з украінскім бокам.

«Агулам сітуацыя змяняецца ў лепшы бок, але вельмі марудна і не без ініцыятывы беларускай грамадзянскай супольнасці. Усё яшчэ застаецца вялікі шэраг пытанняў, над якімі трэба працаваць, у тым ліку палітычных. Пакуль рана казаць, што ёсць моцная матывацыя з боку Украіны дапамагаць нам, – кажа Паліна. – Але ёсць людзі і з украінскага боку, якія разумеюць, што правы чалавека ўніверсальныя, а мы ў першую чаргу патрабуем выканання заканадаўства. Украінскія праваабаронцы вельмі добра разумеюць каштоўнасць нашай супрацы дзеля дэмакратызацыі рэгіёну і перамогі Украіны».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў