Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 11 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 11 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Сяло Андрэеўка недалёка ад Барадзянкі пасля вызвалення ад акупацыі.
Фота: УНІАН

У Офісе генеральнага пракурора Украіны паведамілі, што з пачатку вайны ва Украіне загінулі 183 дзіцяці. Больш за 340 дзяцей атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Агулам, паводле ўстановы, пацярпелі больш за 525 дзяцей. Апроч таго, Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека сведчыць, што на гэты момант вядома пра 1793 забітых сярод цывільнага насельніцтва.

У гэты ж час Генеральны Штаб ЗСУ назваў свежыя лічбы стратаў асабовага складу расейцаў з пачатку вайны. Паводле яго, цяпер гэта каля 19,5 тысячы чалавек.

Hавiны
Зяленскі адказаў на пытанне, ці гатовы дзеля хуткага міру аддаць частку тэрыторый Украіны
2022.04.11 16:10

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю брытанскай агенцыі «ВВС» адзначыў, што не гатовы дзяліць тэрыторыю краіны нават дзеля хуткага замірэння. Палітык таксама адзначыў, што разумее, як Расейская Федэрацыя прагне, каб яны прызналі Крым Расейскай спрадвечнай тэрыторыяй, але запэўніў, што такога ніколі не адбудзецца.

Разам з тым дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч выказаў меркаванне, што супрацьстаянне будзе з Расеяй працягвацца як мінімум да 2035 года, параўнаўшы сітуацыю ва Украіне з арабска-ізраільскім канфліктам. Украінцам, якія да такога цяжкага сцэнару не гатовыя, Аляксей Арэстовіч раіць часова з’ехаць за мяжу. Чыноўнік дадаў, што ў выпадку акупацыі пуцінскай арміяй усёй тэрыторыі Данбасу Украіна будзе ваяваць за яго, што пацягне вялізныя чалавечыя ахвяры і страты для эканомікі.

Hавiны
Аляксей Арэстовіч мяркуе, што вайна з Расеяй працягнецца да 2035 года
2022.04.11 11:58

Упаўнаважаная ў справах правоў чалавека Вярхоўнай Рады Людміла Дэнісава паведаміла, што Расея пачала выдаваць пашпарты грамадзянам Украіны, якія былі вывезеныя ў розныя рэгіёны краіны. Паводле Дэнісавай, напісаць заявы на атрыманне расейскага грамадзянства прымусілі каля 14 тысяч асобаў, а 12 тысяч пашпартоў ужо нават выдадзеныя.

Міністр юстыцыі Украіны Дзяніс Малюська заявіў, што 42 краіны звярнуліся ў Міжнародны суд у Гаазе з прычынай ваенных злачынстваў расейцаў у Бучы, Гастомэлі, Барадзянцы і іншых гарадах Украіны.

Hавiны
Прымусова вывезеным у РФ украінцам пачалі выдаваць расейскія пашпарты
2022.04.10 22:32

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Барэль заклікаў краіны ЕЗ у тэрміновым парадку даць Украіне тое ўзбраенне, аб якім яна просіць. Аднак у той жа час прадстаўнікі Бундэсвэру і канцлер Шольц сцвярджаюць, што пастаўкі зброі дасягнулі «ліміту».

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім не бачыць сэнсу ва ўдзеле прадстаўнікоў Аляксандра Лукашэнкі ва ўкраінска-расейскіх перамовах. Ён расказаў, што сутнасць удзелу беларускага боку ва ўкраінска-расейскіх перамовах не змаглі яму растлумачыць нават у МЗС Беларусі. Прадстаўнік Украіны не разумее, у якой якасці рэжым Лукашэнкі хацеў бы ўдзельнічаць – у якасці ахвяры, агрэсара, міратворца ці пасярэдніка.

Блогер і стваральнік каналаў «Беларускі Гаюн» і «МотолькоПомоги!» Антон Матолька паведаміў, што дзейнасць беларускіх партызанаў парушыла да 80 % лагістыкі расейскага войска. Таксама паводле Матолькі, інфармацыя аб вылетах бамбавальнікаў, запусках ракетаў і перасоўванні тэхнікі, верагодна, паўплывала на тое, што расейскую тэхніку актыўна перакідваюць цяпер на ўсходні фронт – на Белгарад і іншыя расейскія гарады: для атакі на ўсход Украіны.

ВК, Belsat.

Стужка навінаў