Ці будуць эфектыўнымі абавязковыя медагляды і навошта іх уводзяць? Разважаюць беларускія медыкі


З пачатку 2023 года ў Беларусі ўвялі абавязковыя медагляды. Цяпер дыспансерызацыю мусяць праходзіць усе – дзеці, моладзь, людзі ў сталым узросце, і нават калі не маюць ніякіх скаргаў. Мінздароўя такім чынам хоча паспрыяць прафілактыцы хваробаў і выхаваць у беларусаў адказнае стаўленне да свайго здароўя. Медыкі кажуць – гэта бессэнсоўна і толькі яшчэ больш загрузіць і без таго перагружаных лекараў першага звяна. Пагутарылі пра абавязковыя медагляды з двума беларускімі медыкамі. Паколькі яны знаходзяцца ў Беларусі, імёны мы змянілі і не ўдакладняем, у якіх гарадах яны працуюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitry Feoktistov / TASS / Forum

Стане яшчэ менш часу на пацыентаў, якія сапраўды патрабуюць дапамогі

Ірына працуе ў паліклініцы невялікага раённага гораду ў Беларусі. Мае больш за 10 гадоў медычнага стажу. Яна – тэрапеўтка, то бок, лекарка першага звяна, якая прымае людзей з любымі скаргамі на здароўе і потым накіроўвае да вузкіх спецыялістаў. Не аднойчы і прафагляды падпісвала, і даўно прыйшла да высновы, што ў тым выглядзе, у якім яны сёння існуюць у Беларусі – гэта прафанацыя, бессэнсоўнае мерапрыемства.

«На прыём адводзіцца 5-10 хвілін. Гэта вельмі мала. За гэты час немагчыма ні дыягназ паставіць, ні правільнае лекаванне прызначыць», – кажа Ірына.

Паводле нашай суразмоўцы, абавязковыя медагляды не толькі працаўнікоў з прадпрыемстваў, а ўвогуле ўсіх на ўчастку, цалкам перагрузяць паліклінікі.

«Лекары і так вельмі загружаныя. У нас афіцыйна працоўны дзень 8 гадзінаў, але ніхто так не працуе. Усе застаюцца пасля працы на 2-3 гадзіны, нават больш. У выніку працуем па 10-12 гадзінаў, і ніхто за гэтыя перапрацоўкі не плаціць. Але ты ўсё роўна не можаш роўна а 17-й, скажам, устаць і пайсці дамоў і кінуць пацыентаў у калідоры», – кажа жанчына.

Калі ж у цябе сядзіць чарга хворых пацыентаў, і прыходзіць нехта з прафаглядам, проста падпісаць паперкі, гэта, паводле Ірыны, часта выклікае ў лекараў раздражненне.

«Гэтае афармленне паперак займае час, але не толькі лекара, саміх гэтых людзей, якіх адправілі на медагляд, але і хворых, якім насамрэч патрэбная дапамога. Яны ў выніку сядзяць і чакаюць у чарзе яшчэ даўжэй, бо да цябе прыйшоў той, у каго няма скаргаў, але яму трэба паперкі падпісаць», – зазначае лекарка.

Дыспансерызацыя мела сэнс у барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі

Ірына не бачыць сэнсу ў медаглядах, калі ў чалавека няма скаргаў на здароўе.

«Ёсць агульнае правіла ў медыцыне – не прызначай аналізаў, калі яны не паўплываюць на тваю тактыку. Які сэнс аналізаў у людзей, якія ні на што не скардзяцца? – пытаецца тэрапеўтка. – Ну прыйшлі сумнеўныя вынікі, напрыклад. І што я буду з імі рабіць, калі чалавек ні на што не скардзіцца? Ад чаго я буду яго лячыць? Ад аналізаў? А навошта, калі там не крытычныя паказнікі. А крытычныя паказнікі без скаргаў бываюць скрайне рэдка».

Паводле нашай суразмоўцы, прафагляды варта пакінуць для прадстаўнікоў асобных прафесіяў, дзе ёсць пэўныя абмежаванні і да працы нельга дапускаць з пэўнымі дыягназамі.

«У іншых выпадках навошта ўсім праходзіць стаматолага, афтальмолага, гінеколага? – пытаецца лекарка. – Калі ёсць скаргі, запісвайся і прыходзь а проста аббегчы ўсіх спецыялістаў, каб галачкі паставіць, не мае сэнсу».

Паводле Ірыны, сістэма абавязковай дыспансерызацыі была апраўданай некалі ў Савецкім саюзе ў 1930-я гады, калі яна дапамагала папярэджваць інфекцыйныя захворванні. Сёння ж, зазначае лекарка, няма такой колькасці і распаўсюджанасці інфекцыяў, і ва ўсім свеце адмаўляюцца ад патэрналісцкай сістэмы аховы здароўя, калі адказнасць за грамадзяніна нясуць лекар і дзяржава. Сёння ў развітых краінах адказнасць за ўласнае здароўе і лад жыцця перакладваецца на кожнага канкрэтнага чалавека.

«Не трэба спадзявацца на выпадковыя медагляды, – кажа Ірына. – Кожны чалавек павінен сам разумець, калі яму трэба звярнуцца да лекара, і павінен сачыць за гэтым. Не павінна быць так, як у нас, калі мужчыны ганарацца тым, што не ходзяць да лекараў, і распавядаюць, як яны спрабавалі ўцячы ад прафагляду, а іх прымусілі, зацягнулі. Гэты дзіцячы садок выхоўваецца як раз гэтай сістэмай – што гэта дзяржавы паклапоціцца, пакліча, прымусіць».

Для выяўлення сур’ёзных захворванняў існуюць скрынінгі, а не прафагляды

Ірына перакананая, што руцінныя медагляды, а тым больш, калі яны стануць абавязковымі і на іх пагоняць усіх, зусім не дапамогуць знаходзіць сур’ёзныя захворванні на ранніх стадыях.

«Па-першае, час. Немагчыма зрабіць якасны агляд за 5 хвілін. Хто, напрыклад, на прафаглядзе мацае той жа жывот? – пытаецца Ірына. – Па-другое, ну робім мы штогод ЭКГ, трацім на гэта час і рэсурсы. А навошта, калі гэта бессэнсоўна пры адсутнасці скаргаў? Ці калі цяпер школьнікаў гоняць на УГД шчытападобнай залозы, органаў брушной поласці? Што мы там хочам знайсці, калі няма скаргаў? У выніку атрымліваем перагрузку лекараў і лішні стрэс для падлеткаў і іхных бацькоў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Semyon Antonov / TASS / Forum

Паводле Ірыны, кожны чалавек павінен сам ведаць пра свае рызыкі і прыходзіць да лекара, каб іх кантраляваць.

«Напрыклад, кожны мужчына пасля 50 гадоў павінен разумець, што ў яго ёсць рызыка артэрыяльнай гіпертэнзіі, таму мусіць кантраляваць ціск, прыходзіць на дадатковыя абследаванні, але не тады, калі яго туды пагоніць дзяржава», – кажа лекарка.

Для выяўлення сур’ёзных захворванняў, напрыклад, анкалагічных, у свеце існуюць праграмы скрынінгаў, але гэта не пагалоўныя медагляды, і датычаць яны не ўсіх, а толькі пэўных групаў рызыкі. Але і скрынінгі нідзе не з’яўляюцца абавязковымі, яны цалкам добраахвотныя. Чалавека запрашаюць, але калі ён не хоча абследавацца, гэта ягонае права.

«Канешне, было б добра, калі б участковы лекар ведаў пра групы рызыкі сваіх пацыентаў і своечасова нагадваў пра неабходнасць дадатковых абследаванняў. Але для гэтага ва ўчастковага тэрапеўта павінны быць рэсурсы. У яго не павінна быць дзве з паловай тысячы пацыентаў на ўчастку. Якасць і колькасць у медыцыне адваротна прапарцыйныя», – кажа Ірына.

«Трэба разгружаць сістэму, а не перагружаць яе»

Лекарка лічыць, што і падвышэнне заробкаў медыкам першаснага медычнага звяна ў Беларусі ўжо не дапаможа.

«Большы заробак – гэта файна, але колькасць гадзінаў у соднях лекара не зменіцца. Як было 10 гадзінаў на працу, так і застанецца. Лекарам таксама трэба жыць, глядзець сваіх дзяцей, сям’ю. Ніхто не зможа рабіць яшчэ больш і хутчэй. Колькі ты не падымай заробкі, гэта ўжо ні на што не паўплывае, бо медыкі ўжо на мяжы магчымасцяў», – кажа наша суразмоўца.

Ірына перакананая, што ад залішняй дыспансерызацыі трэба наадварот адмаўляцца, а не гнаць на яе ўсіх, а таксама пакінуць у ёй толькі самае неабходнае.

«У тых умовах, што ёсць цяпер, пры такім дэфіцыце кадраў, трэба разгружаць сістэму, адмаўляцца шмат ад якіх паслугаў, ад наведванняў на даму. Такога няма нідзе ў свеце, толькі ў Беларусі, каб лекар-тэрапеўт 4 гадзіны хадзіў па дамах», – эмацыйна кажа жанчына.

«Бянтэжыць анкетаванне падчас медаглядаў. Падобна на збор інфармацыі»

Фельчарка з Беларусі Алена лічыць, што ўвядзенне абавязковых медаглядаў мае на мэце зусім не клопат пра людзей, а жаданне паказаць «бурную дзейнасць», паставіць галачку, як шмат было зроблена. Жаданага выніку ўсё гэта не прынясе, але дакладна дадасць і медыкам, і пацыентам раздражнёнасці, стомленасці, растраты рэсурсаў, якіх і так не хапае.

«У нас вельмі перагружаныя медыкі, уся сістэма аховы здароўя перагружаная, – зазначае Алена. – Нават калі падчас медагляду пацыент скажа, што ў яго ёсць нейкія скаргі, колькі ён потым будзе чакаць прыёму ў вузкага спецыяліста? Ці МРТ? Год будзе чакаць ці больш? Можа, з гэтым трэба нешта вырашаць, а не медагляды заганяць?»

Найбольш у абавязковых медаглядах Алену бянтэжыць анкетаванне пацыентаў.

«У нас ужо ёсць формы накіраванняў, у якія трэба ўпісваць пашпартныя дадзеныя, падрабязна – дзе чалавек жыве, дзе прапісаны. Што будзе ў анкетах на медаглядах? Гэта падобна на чарговы збор інфармацыі пра людзей, які невядома дзеля чаго робіцца», – зазначае фельчарка.

Новая інструкцыя «Аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва» была зацверджаная Мінздароўя яшчэ ў жніўні 2022 года, а ўступіла ў сілу 1 студзеня 20223 года. Згодна з ёй, дыспансерызацыя цяпер будзе праводзіцца для ўсіх грамадзянаў, незалежна ад узросту, наяўнасці ці адсутнасці захворванняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

Насельніцтва падзялілі на чатыры групы дыспансернага назірання: дзве для дарослых – 18-39 гадоў і старэйшыя за 40 гадоў, і дзве для дзяцей – да года і 1-17 гадоў. Праходжанне медаглядаў плануюць прывязаць да даты нараджэння і праводзіць у месяц нараджэння.

Запрашаць прайсці медагляд будуць у паліклініцы па месцы жыхарства. Можна таксама прайсці яго па месцы працы. Тым, хто працуе, наймальнік будзе абавязаны выдзеліць дзень для праходжання медагляду і аплаціць яго. У вёсках праводзіць дыспансерызацыю будуць выязныя брыгады медыкаў і мабільныя медкомплексы.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў