Чаму міграцыйны крызіс у Беларусі штучны? Параўноўваем з іншымі краінамі


Мігранты на беларуска-польскай мяжы. 10 лістапада 2021 г.
Фота: Belarus State Border Committee / TASS / Forum

На мяжы Беларусі і краінаў Еўразвязу паўгода трывае міграцыйны крызіс. Гэта далёка не першы міграцыйны крызіс, але ён моцна адрозніваецца ад ранейшых тым, як арганізаваны.

«Белсат» згадвае пяць міграцыйных крызісаў апошніх гадоў, адзін з якіх вельмі нагадвае цяперашнюю сітуацыю на беларускіх межах.

Уцёкі з Крыму і Данбасу, з 2014 года

Крызіс пачаўся вельмі блізка да Беларусі, ды закрануў яе адносна слаба. Пасля акупацыі Расеяй украінскага Крыму і пачатку падтрыманага Расеяй узброенага канфлікту на Данбасе шмат людзей былі вымушаныя перасяляцца.

Паводле звестак ААН на жнівень 2015 года, больш за палову часовых перасяленцаў з’язджалі ў іншыя рэгіёны Украіны. Некаторыя ўцякалі ў суседнія краіны. З 1,45 млн перасяленцаў тады 991,5 тысячы скіраваліся ў Расею, 126,4 тысячы – у Беларусь, 71,3 тысячы – у Польшчу, 6,8 тысячы – у Малдову, 6 тысячаў – у Вугоршчыну. Ды шмат хто вярнуўся на радзіму.

Данбас.
Фота: Настасся Уласава / Белсат

Аляксандр Лукашэнка казаў у 2016 годзе пра 160 і нават 170 тысяч уцекачоў з Украіны, аднак гэта выявілася вялікім перабольшваннем: такая была агульная колькасць украінцаў, якія з пачатку канфлікту прыязджалі ў Беларусь, у іх лік уваходзілі і тыя, хто пазней з’ехаў назад, і проста працоўныя мігранты.

Найбольш мігрантаў з Украіны Белстат фіксаваў у 2015 годзе – 10,6 тысячы чалавек (пры 7,8 тысячы з Расеі). Прытулку ў Беларусі або дадатковай абароны з 2014 да першай паловы 2018 года папрасілі толькі 3318 украінскіх грамадзянаў, атрымалі – 2690.

Пра нейкія значныя канфлікты між беларусамі і перасяленцамі з Украіны не паведамлялася, дый розніца ў культуры і традыцыях беларусаў і ўкраінцаў не значная.

Аналітыка
Тлумачым, чаму мігранты ідуць праз Беларусь на Нямеччыну і што кажуць улады
2021.11.10 07:00

Еўрапейскі міграцыйны крызіс, пік у 2015 годзе

Гэты крызіс набыў значна большыя маштабы і трываў усе «дзясятыя» гады. Пік прыпаў на 2015 год, калі па прытулак у Еўразвязе звярнуліся звыш 1,3 млн чалавек (асноўная маса – у Нямеччыну). Гэта быў найбуйнейшы міграцыйны крызіс у Еўропе з часу Другой сусветнай вайны.

Прычыны ўцёкаў, краіны паходжання і шляхі міграцыі былі розныя, але найчасцей звязаныя з войнамі і тэрарызмам. У 2015 годзе 32,2 % уцекачоў былі з Сірыі, 15,2 % – з Афганістану, 11,6 % з Іраку, але адзначалі і значныя долі ўцекачоў з Албаніі, Эрытрэі, Ірану, Косава, Нігерыі, Пакістану… Асноўная частка пераплывала Міжземнае мора на чоўнах (найбольш – з Турэччыны ў Грэцыю), у Міжземным моры патанулі 2889 чалавек, у Эгейскім – 731.

Часовы лагер мігрантаў у аэрапорце Тэмпельхоф, Берлін. 9 снежня 2015 г.
Фота: Fabrizio Bensch / Reuters / Forum

Да такіх маштабаў і тэмпаў міграцыі ў Еўропе шмат хто аказаўся не гатовы. Ды нямецкая канцлерка Ангела Мэркель тады пастанавіла прымаць мігрантаў у Нямеччыне незалежна ад таго, у якую краіну Еўразвязу яны прыйшлі спачатку. Рашэнне прыняць 1 мільён мігрантаў дагэтуль застаецца для немцаў спрэчным. Крызіс не прывёў да значнага росту злачыннасці ў Нямеччыне, а эканамісты кажуць пра пазітыўны эфект прыёму мігрантаў для эканомікі.

Пік крызісу мінуў у 2016 годзе, калі Еўразвяз пагадзіўся выплаціць Турэччыне 6 млрд еўра, каб тая ўмацавала мяжу і закрыла «балканскі маршрут».

Уцёкі чачэнцаў праз Беларусь, пік у 2016 годзе

Рэжым Рамзана Кадырава ў Чачэніі, што ў Расейскай Федэрацыі, брутальна ставіцца да іншадумцаў, ахвяраў хатняга гвалту, ЛГБТ-супольнасці. Паведамляюць і пра катаванні, і пра забойствы. Шмат каму даводзіцца ўцякаць не толькі з Чачэніі, але і з Расеі, бо іх пераследуюць па ўсёй Федэрацыі. У 2016 годзе чачэнцы масава спрабаваць уцячы праз Беларусь (грамадзянам Расеі не патрэбная беларуская віза) у Польшчу і далей на захад. Тысячы людзей сабраліся ў Берасці і раз за разам хадзілі на польскую мяжу з просьбамі пусціць іх, і шторазу яны атрымлівалі адмовы – прапускалі адзінкавых мігрантаў.

Уцекачы з Чачэніі пад Берасцем, архіўнае фота

Тады казалі, што гэты крызіс – «тэст на талерантнасць» для беларусаў: пакуль адны пабойваліся людзей незразумелай культуры, іншыя дапамагалі мігрантам ежаю і адзеннем. Улады Беларусі і Расеі, а таксама арганізацыі кшталту Чырвонага Крыжа практычна не рэагавалі на крызіс. Беларускія праваабаронцы казалі, што да мігрантаў неаднаразова наведваліся чачэнскія сілавікі.Крызіс не спыніўся сам сабой, але з цягам часу стаў больш «незаўважны». А чачэнскія мігранты ездзілі ў Берасце і ў 2019 годзе – фактычна, да самага закрыцця межаў у сувязі з каронавірусам (праз пандэмію на мяжы на некалькі дзён спыніліся паломнікі-хасіды, але абышлося без трагедыяў). У Беларусі асноўная маса чачэнцаў не адчувае сябе ў бяспецы, хоць некаторыя і селяцца на беларускіх землях.

Амерыканскі караван, 2018 год

Мігранты з бедных краінаў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі ці не заўсёды спрабавалі трапіць у Злучаныя Штаты – заможную краіну, фактычна збудаваную мігрантамі з Еўропы. Штаты не прымалі ўсіх ахвочых, а адным з галоўных лозунгаў прэзідэнта Доналда Трампа было «збудаваць сцяну» на мяжы і нават прымусіць Мексіку заплаціць за яе.

У 2018 годзе ў Гандурасе сабраўся караван са 160 мігрантаў, які дарогаю разросся да некалькіх тысяч чалавек. Сярод прычынаў называлі не толькі кепскую эканамічную сітуацыю агулам, але і засуху з неўраджаем. Шлях да мяжы Мексікі з ЗША склаў больш за 4000 км, таму дакладную колькасць мігрантаў ацаніць складана: адны адставалі, другія далучаліся.

«Караван мігрантаў» у Ціхуане, Мексіка, 2 снежня 2018 г.
Фота: Vito Di Stefano / Zuma Press / Forum

Тэма таго каравану была асабліва вострая для ЗША, бо мігранты прыйшлі да мяжы ў час прамежкавых выбараў у Сенат і Палату прадстаўнікоў. Штаты ўзмацнілі ахову мяжы, ды самой мяжы не закрывалі, а паволі прымалі заявы на прытулак ад мігрантаў. Праваабаронцы крытыкавалі практыкі, якія ўжывалі ў ЗША: разлучэнне сем’яў і адлучэнне дзяцей ад бацькоў, гвалтоўнае адцісканне мігрантаў ад мяжы, абмежаванні ў падачы заяваў. Сутычкі былі і між мігрантамі і мексіканскай паліцыяй.

З цягам часу той караван рассеяўся: тыя, хто не здолелі трапіць у ЗША восенню 2018 года, працягнулі спробы перайсці мяжу меншымі групамі. Але новыя караваны сабраліся ў студзені 2021 года, наблізіліся да ЗША ў кастрычніку.

Меркаванні
Польская мяжа. Лукашэнка падпаліў апошні мост
2021.11.10 14:57

Крызіс Эрдагана, 2020–2021 гады

Кіраўнік Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган у канцы лютага 2020 года пайшоў на канфлікт з Еўразвязам: заявіў, што «адчыніў дзверы» мігрантам, бо «Еўразвяз не выканаў сваіх абяцанняў», якія даваў у межах дамовы, каб спыніць міграцыйны крызіс 2015–2016 гадоў. Эрдаган казаў пра 18 тысяч уцекачоў і магчымасць росту іх колькасці да 30 тысяч, а потым турэцкія ўлады заяўлялі і пра 100 тысяч уцекачоў, і пра мільёны.

Пачаліся сутыкненні мігрантаў з паліцыяй Грэцыі, спрэчкі еўрапейскіх і турэцкіх палітыкаў. Ды колькасць мігрантаў аказалася перабольшанай: да жніўня мяжу Турэччыны з Грэцыяй перайшлі 9700 чалавек, 289 чалавек прыбылі на Кіпр, у Італію трапілі 275, у Баўгарыю – 11. Плынь рэзка зменшылася праз пандэмію каронавіруса.

Мігранты з Афганістану ў горадзе Ван, Турцыя. 22 жніўня 2021 г.
Фота: MURAD SEZER / Reuters / Forum

У 2021 годзе Эрдаган працягвае весці спрэчкі з Еўропай наконт мігрантаў, цяпер ён згадвае пераважна афганцаў, якія ўцякаюць ад тэрарыстаў «Талібану», што захапілі ўладу ў Афганістане. У Турэччыне, згодна з афіцыйнымі звесткамі, застаецца каля 4 ці 5 млн мігрантаў, збольшага з Сірыі. Апазіцыя заяўляе, што мігрантаў удвая больш, і пратэстуе супраць таго, што ўцекачоў наогул пускаюць у Турэччыну. Антымігранцкія настроі пачынаюць займаць цэнтральнае месца ў турэцкай палітыцы, а выйсця з крызісу пакуль не назіраецца. Эрдаган жа хоча атрымаць, як і ў 2016 годзе, фінансавае і іншае падтрыманне. Гаворка ідзе пра некалькі мільярдаў долараў.

Hавiны
Пекла ў нафтавым раі: чым іракцаў прывабіў беларускі маршрут?
2021.11.10 17:25

АА belsat.eu

Стужка навінаў