Тры расейскія ракеты, выпушчаныя па Украіне, парушылі паветраную прастору Малдовы


Раніцай 10 кастрычніка, падчас масіраванага ракетнага абстрэлу Украіны як мінімум тры расейскія ракеты праляцелі над тэрыторыяй суседняй Малдовы. Аб гэтым на сваёй старонцы ў Twitter паведаміў віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Малдовы Ніку Папеску.

«Тры крылатыя ракеты, запушчаныя сёння раніцай па Украіне з расейскіх караблёў у Чорным моры, перасеклі паветраную прастору Малдовы. Я даручыў выклікаць для тлумачэнняў пасла Расеі», – паведамляе Папеску.

Тэрыторыі Малдовы, над якімі праляцелі расейскія ракеты. Крыніца: chanel24/Telegram

Ракеты былі выпушчаныя з акваторыі Чорнага мора і праляталі над такімі малдаўскімі гарадамі, як Рыбніца, Фларэшты і Сарокі, гаворыцца ў паведамленні МЗС Малдовы.

«Рэспубліка Малдова лічыць гэты інцыдэнт надзвычай сур’ёзным і сумным, які, несумненна, выклікае дадатковую напружанасць. Парушэнне нашай нацыянальнай паветранай прасторы зусім недапушчальна. Бамбаванні суседняй краіны павінны быць неадкладна спыненыя», – заявілі ў МЗС.

Таксама выказалася наконт сённяшніх абстрэлаў Украіны і прэзідэнт Малдовы Мая Санду: «Рашуча асуджаю масіраваны ракетны ўдар па ўкраінскіх гарадах, уключаючы Кіеў. Варварства, тэрарызм і забойства нявіннага грамадзянскага насельніцтва павінна неадкладна спыніцца», – напісала яна.

Абноўлена
У цэнтры Кіева, Львове і іншых украінскіх гарадах выбухі, ёсць загінулыя
2022.10.10 09:50

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў