Пасля ракетнага абстрэлу Украіны Кітай і Індыя заклікалі да дыялогу і завяршэння канфлікту


Вонкавапалітычныя ведамствы Кітая і Індыі заклікалі спыніць вайну ва Украіне і распачаць дыялог. Дыпламаты гэтых краінаў таксама раскрытыкавалі Расею за ракетныя абстрэлы і забойствы мірных жыхароў, піша выданне «The New York Times».

10 кастрычніка, калі Расея нанесла масіраваны ракетны ўдар па гарадах Украіны, Кітай і Індыя выступілі з заявамі, у якіх заклікалі спыніць вайну і распачаць дыялог. Адметна, што раней гэтыя краіны не крытыкавалі кіраўніцтва Крамля і часта былі на баку Расеі.

«Усе краіны заслугоўваюць павагі да іх суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Неабходна аказваць падтрыманне ўсім намаганням, якія садзейнічаюць мірнаму ўрэгуляванню крызісу», – заявіла прэс-сакратар МЗС Кітаю Мао Нін.

«Індыя глыбока занепакоена эскалацыяй канфлікту ва Украіне, у тым ліку ўдарамі па інфраструктуры і гібеллю мірных жыхароў», – заявіў прадстаўнік МЗС Індыі Арындам Багчы.

Кітай і Індыя нягледзячы на агрэсію Крамля і санкцыі працягваюць эканамічную супрацу з Расеяй. Але вядома, што падчас Шанхайскага эканамічнага саміту ў верасні сёлета, прадстаўнікі гэтых краінаў падчас сустрэчы з Пуціным выказвалі незадаволенасць вайной і заклікалі да спынення агрэсіі.

Студыя «Белсат»
Наступствы крывавага абстрэлу Украіны Расеяй. Вечаровы эфір за 10 кастрычніка
2022.10.10 21:29

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў