«Адчувалі патрэбу і ў эміграцыі мець сваю місію». Мянчанкі стварылі беларускі гурток для дзяцей у Батумі


Кася Панкевіч праводзіць занятак.
Фота: Белсат

З сярэдзіны верасня беларусы, якія з’ехалі ў грузінскі горад на ўзбярэжжы Чорнага мора Батумі маюць магчымасць двойчы на тыдзень вадзіць сваіх дзяцей на заняткі па вывучэнні беларускай мовы. Урокі разлічаныя на малодшых школьнікаў 6-10 гадоў. Аўтаркі ідэі і стваральніцы гуртка – дзве маладыя мамы, рэлаканткі з Беларусі – Кася Панкевіч і Дана Кавалёва.

Набытыя веды дзеці замацоўваюць у гульнях

Беларускі гурток для дзетак у Батумі распачаў сваю працу нядаўна – першы занятак прайшоў 17 верасня. «Белсат» завітаў на ўрок на пачатку кастрычніка. Сустрэчы ладзяцца ў памяшканні сямейнай адукацыйнай прасторы «Spring School», якая знаходзіцца ў невялікім будынку ў старым горадзе. Сюды шмат хто з беларусаў Батумі ў гэтым навучальным годзе прывялі сваіх дзяцей. Менавіта гэта і падштурхнула стваральнікаў прасторы задумацца пра гурток роднай мовы для новых вучняў.

– Летась сярод наведвальнікаў прасторы было шмат украінскіх дзетак, і для іх ладзілі гурток украінскай мовы. А сёлета ўласнікі прасторы вельмі хутка зарыентаваліся, што нешта такое патрэбна і для беларусаў, – распавядае «Белсату» адна з вядоўцаў гуртку Кася Панкевіч. – Яны сталі шукаць таго, хто змог бы весці заняткі, і мы з Данай з радасцю падхапілі ініцыятыву.

Кася абяцае паразмаўляць з намі напрыканцы занятку, а пакуль час пачынаць гурток.

Мянчанкі Кася Панкевіч і Дана Кавалёва стварылі беларускі гурток для дзяцей у Батумі.
Фота: Белсат

Занятак праходзіць дынамічна і інтэрактыўна. На пачатку дзеці вітаюцца, прыгадваюць з мінулых урокаў, як назваць свае імёны і прывітаць адзін аднаго па-беларуску. Потым прыступаюць да вывучэння новай тэмы – сёння гэта ежа. Кася і Дана тлумачаць дзецям, як па-беларуску называюцца розныя прадукты харчавання, стравы. Але сядзець і слухаць ніхто нікога не прымушае – пакуль больш старэйшыя разглядаюць карцінкі з ежай, малодшы хлопчык гуляецца з канструктарам і катае па падлозе машынку.

Кася ўвесь час размаўляе з дзецьмі, задае пытанне, стараецца ўтрымаць увагу.

Пасля вывучэння тэмы час крыху парухацца – Кася і Дана збіраюць дзяцей у карагод і танчаць пад песню пра цукерку. Пасля – зноў спакойная частка занятку: дзяўчыны чытаюць з дзеткамі вершы і казкі. Напрыканцы – замацоўваюць назвы колераў па-беларуску, якія праходзілі раней – гуляюць у «святлафор».

Мянчанкі стварылі беларускі гурток для дзяцей у Батумі.
Фота: Белсат

«На карысць дыяспары хацелі працаваць яшчэ на радзіме»

Так пралятае гадзіна, і за маленькімі вучнямі прыходзяць бацькі. А мы з Касяй і Данай працягваем размову пра гурток.

Дзяўчыны ў Батумі крыху больш за месяц. Думкі пра нейкія актыўнасці на карысць беларускай дыяспары былі яшчэ на радзіме

– Калі мы толькі збіраліся сюды, было адчуванне патрэбы мець тут нейкую сваю місію, – кажа Кася. – У мяне так сумленне спакайнейшае, калі я ведаю, што магу зрабіць нешта карыснае. Але крыху зацягнуў стрэс пераезду, і калі б не гэтая прастора і не Дана, я б, напэўна, яшчэ доўга збіралася б з думкамі. А так усё само склалася, і я вельмі рада, што менавіта такім чынам. Мне падабаецца праводзіць гэтыя заняткі, і галоўнае, што яны дзецям падабаюцца.

Даведка
Мянчанкі стварылі беларускі гурток для дзяцей у Батумі.
Фота: Белсат

Гурток наведвае 10-12 вучняў. Самым малодшым – 4-5 гадоў, старэйшаму – 9. Кася зазначае – на пачатку думала, што цікаўнасці да гуртка ў дыяспары будзе больш.

– У некаторых не атрымліваецца прыходзіць па аб’ектыўных прычынах – з-за раскладу ў школе, напрыклад, – кажа наша суразмоўца. – Але нават з улікам гэтага мы думалі, што будзе больш удзельнікаў, хаця б з ліку тых, хто ходзіць сюды на заняткі ў прастору. Магчыма, можна было б мець больш удзельнікаў, калі б запусціць яшчэ адзін гурток у іншы час.

«Дзеці прыходзяць розныя – і з беларускамоўных сем’яў, і такія, што мову зусім не ведаюць»

Кася дзеліцца з намі і тымі момантамі, якія выклікаюць складанасці – дзяўчына ўспрымае іх не як праблемы, а як выклік.

– З-за таго, што група рознаўзроставая, бывае не проста пад усіх падладзіцца. Акрамя, яшчэ і розны ўзровень мовы ва ўсіх, – кажа вядоўца гуртку. – Ёсць дзеці, якія мала арыентуюцца ці зусім нічога не ведаюць, а ёсць – з беларускамоўных сем’яў, якія з большага разумеюць мову, хоць і яны часам не ўсё разумеюць. Для нас гэта пэўны чэлендж – знайсці нешта цікавае для старэйшых і тых, хто больш ведае і ўтрымаць увагу малодшых і тых, што пакуль не размаўляюць па-беларуску.

Мянчанкі стварылі беларускі гурток для дзяцей у Батумі.
Фота: Белсат

Ні Кася, ні Дана не з’яўляюцца выкладчыцамі паводле адукацыі. Абедзве скончылі БДУіР. Кася – матэматык – сістэмны праграміст, Дана – інжынер-эканаміст. Дзяўчыны кажуць, што асноўная іхная педагагічная практыка – гэта выхаванне ўласных дзяцей. Таму праграма заняткаў гуртка – не школьная, не акадэмічная.

– І ў бацькоў няма да нас такога патрабавання, і мы не змаглі б з дзецьмі праходзіць школьную праграму, бо ў нас тут розныя ўзросты, – кажа Кася. – Мы стараемся складаць урокі так, каб было не сумна і як мага больш інтэрактыву, і каб не перагружаць дзяцей. Бярэм простыя, але патрэбныя на кожны дзень тэмы. Пачыналі з імёнаў, з таго, як павітацца, развітацца, падзякаваць – вывучалі асноўныя словы ветлівасці. Потым колеры, сёння ежу. Тэму мы раскрываем праз гульні, песні, вершыкі, мультфільмы на беларускай мове. Для нас найперш важна, каб дзецям было цікава, каб яны вучыліся камунікаваць на роднай мове, а не сядзелі і вучылі правілы.

Заняткі ў беларускім гуртку для дзяцей у Батумі праходзяць двойчы на тыдзень, у сераду і пятніцу, па адрасе: вул.Пушкіна, 95. Пачатак – у 16.30.

Гісторыі
«Адразу відаць, хто нядаўна прыехаў: яны баяцца бусаў, паліцыі». Як жыве беларуская дыяспара ў Батумі
2021.09.25 08:30

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў