Палёты «Белавіі» у Грузію пад пагрозай? Перашкодай могуць стаць новыя санкцыі ЗША


Агенцыя па грамадзянскай авіяцыі Грузіі разам з дзяржаўнымі органамі вывучаюць новыя санкцыі ЗША ў дачыненні Беларусі, у якія трапіла авіякампанія «Белавія». Ці забароняць ёй лётаць у Грузію, будзе вядома неўзабаве.

Самалёт Embraer авіякампаніі «Белавія».
Фота: belavia.by

Пытанне аб далейшым допуску «Белавіі» у Грузію ў сувязі з новымі амерыканскімі санкцыямі цяпер абмяркоўваецца ў грузінскім урадзе, рашэнне абяцаюць абвесціць у хуткім часе.

Улады Грузіі не раз заяўлялі, што дазволяць палёты ў краіну толькі тым авіякампаніям, на якія не накладзеныя міжнародныя санкцыі.

«Агенцыя грамадзянскай авіяцыі Міністэрства эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі здзяйсняе пастаянны маніторынг санкцыяў і абмежаванняў, якія накладаюцца міжнароднымі арганізацыямі грамадзянскай авіяцыі і кампаніямі-вытворцамі грамадзянскай авіяцыі, сыходзячы з мэтай забеспячэння бяспекі пасажыраў, палётаў і авіяцыйнай бяспекі», – гаворыцца ў паведамленні агенцыі па грамадзянскай авіяцыі.

Санкцыйныя абмежаванні ў дачыненні «Белавіі» уводзіліся яшчэ год таму. Тады Грузія абмежавала рэйсы «Белавіі» на самалётах Boeing. У краіну пускалі толькі самалёты Embraer.

Больш жорсткія санкцыі Міністэрства фінансаў ЗША патлумачыла тым, што «Белавія» парушыла экспартны кантроль і здзяйсняла пералёты самалётамі Boeing у Расею, Турцыю, Грузію, ААЭ і Егіпет.

Hавiны
У гадавіну выбараў у Беларусі ЗША пашырылі санкцыі супраць афіцыйнага Менску
2023.08.09 21:01

У 2022 годзе «Белавія» займала 4-е месца па колькасці пасажыраў, перавезеных у Грузію. Беларускі авіяперавозчык штодня здзяйсняе рэйсы з Менску ў Тбілісі, Кутаісі і 4 разы на тыдзень – у Батумі.

9 жніўня Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла ў санкцыйны спіс 5 беларускіх кампаніяў, сярод якіх – авіякампанія «Белавія».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў