«Нам патрэбная перадышка». Соф’я Сапега знаходзіцца ў Тайландзе, але плануе вярнуцца дамоў


Бацька былой палітзняволенай Соф’і Сапегі, надоечы памілаванай Лукашэнкам, даў інтэрв’ю выданню PrimaMedia. Андрэй Сапега ўдзячны за ўдзел у лёсе дачкі губернатару Прыморскага краю Алегу Кажэмяку і хроснаму Соф’і, міністру фізічнай культуры і спорту Прымор’я Жану Кузняцову.

Соф’я Сапега.
Фота: sapega_sofia_/ Instagram

«Я адразу сказаў, што знаёмства таксічнае, і да добрага не прывядзе»

Соф’я разам з бацькам цяпер знаходзіцца ў Тайландзе, адкуль яны плануюць вярнуцца дамоў гэтым летам.

«Патрэбная перадышка, трэба перавесці дух, аднавіцца, агледзецца па баках і думаць, што рабіць далей, – кажа бацька былой палітзняволенай. – Абмеркавалі гэта з Алегам Мікалаевічам (Алег Кажэмяка, губернатар Прыморскага краю – рэд.), я папрасіў даць нам крыху часу на перадышку».

Паводле Андрэя Сапегі, нельга казаць, што вызваленне Соф’і было нечаканасцю, бо цягам двух гадоў вялася праца ў гэтым кірунку, у якую была ўцягнутая вялізная колькасць людзей.

«Усіх пералічыць цяпер немагчыма, тым больш, не хочацца кагосьці забыць ці пакрыўдзіць, – кажа бацька Соф’і. – Трэба разумець, што сям’я шукала любую магчымасць дапамагчы дачцэ і хоць неяк вырашыць сітуацыю. Але пра аднаго чалавека скажу асобна. <…> трэба аддаць належнае Алегу Мікалаевічу Кажэмяку. Правадніком паміж намі выступіў Жан Анзоравіч Кузняцоў – міністр спорту Прыморскага краю, мой самы блізкі сябар і хросны бацька Соф’і. Менавіта ён арганізаваў нашую сустрэчу».

Hавiны
Медыі: Паказанні супраць Сапегі даў Пратасевіч. На падставе іх яе і судзілі
2023.05.24 15:18

Андрэй Сапега кажа, што ягоная размова з губернатарам Прыморскага краю цягнулася ўсяго 5-10 хвілін, аднак на той момант чыноўнік ужо паспеў звязацца з Лукашэнкам. Кажэмяку кранула гісторыя Соф’і і ён паабяцаў дапамагчы. Інфармацыю пра тое, як развіваецца справа, Андрэй Сапега атрымліваў ад прэс-сакратаркі Лукашэнкі, якая распавядала, што пры кожнай нагодзе Алег Кажэмяка імкнуўся развязаць сітуацыю.

«<…> яна проста не паспела «саскочыць» з гэтага ў нашым выпадку самалёту, хоць я на гэтым настойваў ад пачатку, калі даведаўся пра яе знаёмства з Пратасевічам. Я адразу сказаў, што знаёмства таксічнае, і да добрага не прывядзе, – кажа бацька пра Соф’ю і яе стасункі з Раманам Пратасевічам. – Калі дачка збіралася ў Грэцыю, я не ведаў, што ў гэтую паездку яны ляцяць разам. Соф’я казала, што нарэшце з ім расталася. Тое, што гэта няпраўда, высветлілася з публікацыяў пра пасадку самалёту. Канешне, для мяне гэта было шокам».

«Алег Мікалаевіч заручыўся маімі гарантыямі, што я не падвяду ні яго, ні Лукашэнку»

Андрэй Сапега.
Фота: PrimaMedia

Андрэй Сапега распавёў, як ад самага пачатку спрабаваў вызваліць дачку – кампенсаваў шкоду кожнаму з 200-300 чалавек, якія праходзілі па справе як пацярпелыя, а таксама Беларусі як дзяржаве. Двойчы сям’я падавала прашэнне Лукашэнку аб памілаванні, але двойчы атрымалі адмову. Пасля адмоваў быў уключаны ў дзеянне механізм перадачы Соф’і для адбыцця пакарання ў Расеі – разлічвалі, што так санкцыі па артыкулах будуць менш жорсткімі і атрымаецца змякчыць прысуд, а далей спадзявацца на памілаванне з боку прэзідэнта Расеі.

«Аднак гэты варыянт не паспеў здзейсніцца. 2 чэрвеня са мной звязаўся Жан Анзоравіч, які, у сваю чаргу, звязаў мяне з Алегам Мікалаевічам, – распавядае бацька былой палітзняволенай. – Алег Мікалаевіч заручыўся маімі гарантыямі, што я не падвяду ні яго, ні Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, што Соф’я, як я і абяцаў у сваім звароце, не будзе задзейнічаная ні ў якіх супрацьпраўных дзеяннях, будзе весці нармальнае жыццё, увальецца ў сям’ю і той шанец, які ёй далі, выкарыстае па-сапраўднаму. Потым быў званок ужо ад Жана Анзоравіча. Ён паведаміў, што пытанне вырашылася, сказаў, каб я браў квіткі і тэрмінова вылятаў у Маскву. Ну а далей вы ведаеце. Купіў квіток і ў прадстаўніцтве Прыморскага краю ў Маскве сустрэўся з Алегам Мікалаевічам і перадаў яму сваю падзяку. Затым мы з дачкой праз Дубай паляцелі ў Тайланд на Пхукет. Цяпер Соф’я спіць».

Соф’я «хоча быць карыснай грамадству, рэалізавацца як асоба, як чалавек»

Бацька Соф’і кажа, што пакуль яны яшчэ не размаўлялі пра будучыню, канкрэтных планаў на бліжэйшы час яшчэ няма, але дзяўчына «хоча шанец, які ёй далі, яшчэ раз выкарыстаць без тых памылак, якія здзяйсняла ў мінулым».

«Хоча быць карыснай грамадству, рэалізавацца як асоба, як чалавек. Цяпер аглянёмся па баках і будзем шукаць прымяненне ведам, якія яна атрымала ва ўніверсітэце. Усё-такі ў дачкі дыплом юрыста-міжнародніка. Ёсць розныя варыянты», – кажа Андрэй Сапега.

Hавiны
Палітзняволеную Соф’ю Сапегу вызвалілі
2023.06.07 19:27

Соф’я разам з бацькам плануе вярнуцца дамоў, ва Уладзівасток, прыкладна ў ліпені гэтага года.

Соф’я Сапега на волі.
Фота: Вясна / Telegram

Грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу затрымалі разам з галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу NEXTA Раманам Пратасевічам у аэрапорце ў Менску 23 траўня 2021 года. Самалёт Ryanair, які ляцеў па маршруце Афіны-Вільня, вымушана пасадзілі ў Менску нібыта праз паведамленні аб бомбе на борце. Соф’ю і Рамана адразу затрымалі.

У траўні 2022 года Соф’ю асудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі. Суд прызнаў яе вінаватай у распальванні варожасці, а таксама ў незаконным зборы і распаўсюджванні звестак аб прыватным жыцці, якія пацягнулі за сабой шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых (зліў інфармацыі ў «Чорную кнігу Беларусі»). 7 чэрвеня Соф’ю вызвалілі. Указ аб яе памілаванні падпісаў Лукашэнка. Сустракаць дзяўчыну на волі прыехаў губернатар Прыморскага краю Алег Кажэмяка. Крыху раней, 22 траўня 2023 года, быў памілаваны таксама Раман Пратасевіч. Яшчэ падчас знаходжання за кратамі ён абвесціў аб разрыве стасункаў з Соф’яй Сапегай.

Аналітыка
Ці здымуць з Беларусі санкцыі пасля памілавання Пратасевіча і Сапегі?
2023.06.09 15:13

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў