Латушка: 9 траўня мы павінны паказаць сваё адзінства


Павел Латушка.
Фота: тг-канал @latushka

Палітык Павел Латушка не лічыць, што стварэнне партый цяпер раз’яднае апазіцыйныя сілы, а перамовы з цяперашнімі ўладамі Беларусі назваў магчымымі і слушнай мэтай, паведамляе радыё «Свабода».

Кіраўнік НАК распавёў, што «дзейнасць у рамках НАК застаецца для нас галоўнай. Партыя – гэта крок, два крокі наперад, гэта стратэгія, прагноз, рэагаванне на сітуацыю ў будучым».

На конт адрознення партыі Латушкі ад партыі Віктара Бабарыкі кіраўнік НАК адказаў так: «Давайце трошкі пачакаем. Галоўныя прынцыпы я агучыў: незалежнасць Беларусі, правы чалавека, вяршэнства закону. Гэта тры базавыя прынцыпы. Назва партыі, яе праграма – ці, хутчэй, яе прынцыпы, бо я ня думаю, што людзі цяпер гатовыя чытаць дзясяткі старонак праграмы, – мы ўсё гэта агучым бліжэйшым часам».

Латушка таксама распавёў пра бягучыя планы ў дачыненні да народных пратэстаў: «Цяпер мы зыходзім з таго, што 9 траўня – той дзень, калі мы павінны паказаць сваё адзінства, што мы не здаемся. 9 траўня – дзяржаўнае свята. Усе дазволы выдаюць мясцовыя ўлады пад капірку. Таму абмяжоўваць права грамадзян удзельнічаць у гэтых мерапрыемствах недапушчальна. Калі рэжым пойдзе на адмену гэтых заявак, то гэта азначае, што яны зʼяўляюцца акупантамі на беларускай зямлі. Калі рэжым пойдзе на затрыманне людзей падчас гэтага мерапрыемства, то яны пацвярджаюць свой статус нацыстаў.

Мы ўнукі і дзеці тых, хто заваяваў перамогу. Мы цэнім гэтую перамогу, для нас гэта найважнейшы дзень гісторыі беларусаў.

Гэта важны дзень, які аб’ядноўвае нас з рускім народам, для агульных каштоўнасцяў усёй Еўропы. Мы прапануем 9 траўня прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах. Не абавязкова браць сімволіку, бо мы разумеем, якую агрэсію яна выклікае ў нелегітымнай улады».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў