Парламент Грузіі адхіліў законапраект пра «замежных агентаў»


Парламент Грузіі 10 сакавіка адхіліў у другім чытанні праект закону пра «замежных агентаў» і такім чынам зняў яго з парадку дня. Пра гэта паведамляе партал «Новости – Грузия».

Пратэсты ў Тбілісі 7 сакавіка 2023 года.
Фота: პუბლიკა • Publika / Facebook

За дакумент прагаласаваў толькі адзін дэпутат, а 35 – супраць.

У першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» тры дні таму быў прыняты 76 галасамі. Гэта спрычынілася да масавых пратэстаў, якія ў Тбілісі перараслі ў сутыкненні са спецназам. Пасля гэтага кіроўная партыя заявіла, што адклікае праект з мэтай захаваць грамадскі спакой у краіне.

У выніку законапраект зноў вынеслі на галасаванне, якое парламенцкая большасць паабяцала праваліць – гэта быў адзіны спосаб адмены законапраекту паводле дзейнага рэгламенту.

На разглядзе парламенту быў таксама другі варыянт законапраекту пад назвай «Аб рэгістрацыі замежных агентаў». Але яго наагул не паспелі вынесці на галасаванне, ён быў адкліканы ініцыятарамі.

Прадстаўнікі грузінскай апазіцыі, НДА і журналісты сцвярджаюць, што ўлады Грузіі хацелі пераняць расейскі досвед барацьбы з «замежнымі агентамі» і стварыць у краіне рэпрэсіўны механізм.

Разбор
Пратэсты ў Грузіі. Яшчэ нічога не скончана
2023.03.09 20:42

9 сакавіка МУС Грузіі заявіў пра вызваленне затрыманых за адміністратыўныя правапарушэнні на акцыях пратэсту ля будынку парламенту ў Тбілісі 7 і 8 сакавіка. Агулам было затрымана 133 асобы, з якіх адзін чалавек – па факце нападу на паліцыянта паводле ч. 1 арт. 353 КК.

Працягваецца расследаванне паводле артыкулаў 353 і 187 КК Грузіі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў