МУС Грузіі: Усе затрыманыя ўдзельнікі акцый пратэсту ў Тбілісі вызваленыя


Усе затрыманыя 7 і 8 сакавіка на мітынгу ў Тбілісі былі вызваленыя, акрамя тых, хто праходзіць па крыміналых справах, паведамляе МУС Грузіі. Усяго на акцыях пратэсту паліцыя затрымала 133 чалавекі.

Пратэсты ў Тбілісі 7 сакавіка.
Фота: პუბლიკა • Publika / Facebook

Частка затрыманых паўстала перад судом, а астатнія былі вызваленыя ў сувязі са сканчэннем тэрміну знаходжання ў следчым ізалятары.

Таксама ў МУС заявілі, што працягваецца расследаванне ў сувязі з «гвалтоўнымі падзеямі, якія мелі месца 7-8 сакавіка, па артыкулах 353 і 187 КК Грузіі. Вядуцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы з мэтай выяўлення затрымання асоб, якія маюць дачыненне да нападу на паліцыянтаў і іншых гвалтоўных дзеянняў падчас акцыі пратэсту, якая працягваецца ў раёне будынку парламента».

Раніцай 9 сакавіка стала вядома, што грузінскі парламент адклікаў законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», праз які ў краіне пачаліся пратэсты.

Нагадаем, 7 сакавіка каля будынку парламента Грузіі пачаліся пратэсты супраць Закона аб замежных агентах. 8 сакавіка акцыя набыла больш агрэсіўныя формы і працягвалася амаль да самай раніцы. Спецпадраздзяленні паліцыі ўжывалі супраць пратэстоўцаў вадамёты і слезацечны газ, адціснуўшы іх ад парламента.

Апазіцыя настойвала на мірным характары акцый і абвінаваціла ўлады ў правакацыі.

Па дадзеных МУС Грузіі, удзельнікі акцыі пашкодзілі ахоўныя загароды ў парламента, уваходныя дзверы і аконныя рашоткі, разбілі вокны, а таксама кідалі ў будынак і двор парламента камяні, пашкодзілі некалькі паліцэйскіх машын.

Увечары 9 сакавіка ў цэнтры Тбілісі і некаторых іншых гарадах зноў праходзіць маштабны пратэст. Мітынг у сталіцы пачаўся з выканання гімнаў Грузіі, Украіны і ЕЗ.

Разбор
Пратэсты ў Грузіі. Яшчэ нічога не скончана
2023.03.09 20:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў