«Украіна не здалася, не здаецца і не здасца». У Турцыі прайшлі перамовы кіраўнікоў МЗС Расеі і Украіны


10 сакавіка ў Турцыі адбыліся перамовы міністраў замежных справаў Украіны, Турцыі ды Рф – Дмытра Кулэбы, Мэўлюта Чавушаглу і Сяргея Лаўрова.

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба.
Фота: mfa.gov.ua

Па выніках перамоваў кіраўнік МЗС Украіны Кулэба заявіў, што гатовы працягнуць сённяшні фармат перамоваў з Лаўровым, калі расейскі бок будзе гатовы да сурʼёзнай і прадметнай размовы, «а не паўтарэння шырока распаўсюджаных прапагандысцкіх штампаў і наратываў пра Украіну», піша УНІАН.

Кулэба таксама заявіў, што Кіеў не можа спыніць вайны, калі ў краіны-агрэсара няма жадання гэтага рабіць. Падчас перамоваў ён пачуў, што спыненне агню прывязанае РФ да выканання патрабаванняў, вылучаных прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным на адрас Украіны.

Hавiны
«Спакойна не будзе». Лукашэнка даручыў не дапусціць удару ў спіну расейскім войскам
2022.03.10 12:33

«У сувязі з гэтым я хачу пацвердзіць яшчэ раз, што Украіна не здалася, не здаецца і не здасца. Мы гатовыя да дыпламатыі, мы шукаем дыпламатычныя рашэнні, але пакуль іх няма, мы будзем самааддана, ахвяруючы сабой, абараняць нашую зямлю, нашых людзей ад расейскай агрэсіі», – падкрэсліў міністр.

Пры гэтым палітык спадзяецца, што па выніках перамоваў пачне працаваць гуманітарны калідор з і ў Марыупаль. Кулэба спадзяецца, што РФ асабліва з чалавечых меркаванняў і з чалавечай спагады да тых, хто пакутуе ад яе бомбаў, дазволіць функцыянаванне гуманітарнага калідору.

Лаўроў прызнаў атаку на радзільню

У сваю чаргу міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў пацвердзіў, што ініцыятыва штодзённа адкрываць гуманітарныя калідоры застаецца ў моцы. Паводле яго, расейская «спецаперацыя» ва Украіне ідзе паводле плану, а перамовы з Украінай у Беларусі безальтэрнатыўныя, піша «Коммерсантъ».

Таксама Лаўроў сказаў, што РФ не плануе нападаць на іншыя краіны:

«На іншыя краіны мы нападаць не плануем, мы і на Украіну не нападалі».

Пры гэтым пацвердзіў, што расейскія войскі свядома атакавалі радзільню ў Марыупалі: той «даўно захоплены батальёнам «Азоў» ды іншымі радыкаламі».

Паводле Лаўрова, з эканамічнымі праблемамі Расея «сама разбярэцца» і выйдзе з крызісу без «ілюзіяў, што Захад можа быць надзейным партнёрам».

Фота
У Марыупалі расейскія войскі разбамбілі дзіцячую больніцу
2022.03.09 22:10

ПС belsat.eu

Стужка навінаў