«Чулі праз акно ката...» Палітвязень Алег Груздзіловіч расказаў у лісце, як сустрэў Новы год за кратамі


Мар’яна, жонка палітвязня і журналіста Алега Груздзіловіча, перадала ў рэдакцыю радыё «Свабода» першы ліст мужа, які ён даслаў на волю ў 2022 годзе з СІЗА-1 на Валадарскага.

«Мусік, прывітанне, цяпер ужо сапраўды з Новым годам. Як ты там яго сустракала? Мне было ў душы адзінока, адзінока без цябе, але віду я не падаваў, як, відаць, і іншыя ў камеры.

Вось як было тут: недзе а 8-й вечара прыходзіла праверка і заадно павіншавалі. Каля 9-й у нас быў самаробны торт з гарбатай/кавай. Крыху пагаманілі. Паслухалі зварот аднаго дзеяча да сядзельцаў камеры 89 – прыблізна як Ельцын гаварыў у 1999 годзе. Адбой. Хутка пачаліся гром феерверкаў, і гэтак хвалямі недзе да 4-й раніцы. А ў 6 пад’ём. Але я ўсё ж больш-менш выспаўся», – піша ў лісце Алег Груздзіловіч.

Малюнак Алега Грузьдзіловіча з-за кратаў. Крыніца: svaboda.org

Палітвязень паведамляе, што на 9-ы дзень на Валадарцы яго ўпершыню не вывелі на прагулку, бо вярнулі правіла, паводле якога калі хоць хтосьці не хоча ісці – не ідуць усе.

Артыкулы
Журналісту Алегу Груздзіловічу выставілі абвінавачанне
2021.12.28 17:41

«У хлопцаў, відаць, настрой не той: некаторыя сядзяць больш за год, а я яшчэ поўны аптымізму. Таму давялося шпацыраваць гадзіну па камеры 3х5 м. Выходзяць тут прыкладна на гадзіну, таму ўзяў той час», – піша палітвязень.

«Яшчэ чулі праз акно ката, але ўбачыць яго немагчыма з прычыны канструкцыі вакна, якую цяжка назваць еўрапейскай. А сёння раніцай чулі капеж. А яшчэ часам чуваць званы. А ў самую першую ноч на Валадарцы я пачуў цягнік, але цяпер, адсюль, яго няма», – дзеліцца ў лісце да жонкі Алег Груздзіловіч.

Журналіст радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч быў затрыманы 23 снежня 2021 года. Яго ўзялі пад варту як падазраванага ў крымінальнай справе, распачатай за арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Палітвязня ўтрымліваюць у СІЗА-1.

Артыкулы
Журналіста Груздзіловіча пасадзілі ў «Валадарку», ён падазраваны ў справе аб «масавых беспарадках»
2021.12.23 21:53

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў