Рада бяспекі ААН ужо пяты раз не здолела ўхваліць рэзалюцыю пра вайну паміж Ізраілем і «Хамасам»


У Радзе бяспекі ААН разгледзелі пяты варыянт рэзалюцыі пра вайну паміж Ізраілем і «Хамасам». Дакумент аб неадкладным спыненні агню прапанавалі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Рэзалюцыя набрала неабходную колькасць галасоў, каб быць ухваленай, аднак ЗША скарысталіся правам вета, піша «The Associated Press».

Паседжанне Рады бяспекі ААН 8 снежня 2023 года. Нью-Ёрк, ЗША.
Фота: David Dee Delgado / Reuters / Forum

Варыянт, прапанаваны Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, падтрымалі 13 краінаў, у тым ліку Францыя і Японія, адна дзяржава – Вялікая Брытанія – устрымалася, супраць былі толькі Злучаныя Штаты Амерыкі, якія ўжылі права вета. «Адасобленая пазіцыя Злучаных Штатаў адлюстроўвае рост рознагалоссяў паміж Вашынгтонам і некаторымі найбліжэйшымі хаўруснікамі», – адзначае «The Associated Press».

Намеснік амбасадара ЗША Робэрт Ўуд назваў рэзалюцыю незбалансаванаю, адзначыўшы, што дакумент не асуджае нападу «Хамасу» на Ізраіль:

«На жаль, амаль усе нашыя рэкамендацыі былі праігнараваныя. Вынікам гэтага паспешнага працэсу была незбалансаваная рэзалюцыя, адарваная ад рэальнасці».

Паводле дыпламата, прапанаваны варыянт не прывядзе да трывалага міру, а толькі «пасее насенне новай вайны».

Hавiны
У Радзе бяспекі ААН праваліліся дзве рэзалюцыі пра вайну паміж Ізраілем і «Хамасам»
2023.10.26 10:12

Намеснік расейскага амбасадара ў ААН Дзмітрый Палянскі назваў пазіцыю ЗША «цвердалобай і эгаістычнай» ды заявіў, што яе вынікам становяцца «могілкі палестынскіх дзяцей».

«Вы апыняцеся на няправільным баку гісторыі, падтрымаўшы бесчалавечныя варварскія дзеянні», – заявіў прадстаўнік Расеі, якая блакуе рэзалюцыі Рады бяспекі пра развязаную гэтай дзяржавай вайну ва Украіне, падкрэслівае Бі-Бі-Сі.

Разбор
Ці рэальна пазбавіць агрэсара права вета ў Радзе бяспекі ААН, як прапануе Зяленскі?
2023.09.21 14:16

Рашэнне ЗША раскрытыкаваў і Кітай, а амбасадар Ізраілю ў ААН Гіляд Эрдан падзякаваў прэзідэнту Джо Байдэну за тое, што Вашынгтон «цвёрда стаіць на нашым баку». Паводле дыпламата, рэзалюцыя «дазволіць тэрарыстам «Хамасу» заставацца ва ўладзе ў Газе, не асуджае «Хамасу» і не заклікае да вызвалення закладнікаў». «Спыненне агню будзе магчымае толькі пасля вяртання ўсіх закладнікаў і знішчэння «Хамасу», – падсумаваў прадстаўнік Ізраілю.

Гэта ўжо пяты варыянт рэзалюцыі пра вайну на Блізкім Усходзе, які разгледзелі ў Радзе бяспекі ААН. Усе яны былі адхіленыя.

Аналітыка
Рызыкі растуць. Тлумачым, што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамасу»
2023.12.05 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў