Журналіста Сацука прызналі палітычным зняволеным. Цяпер палітвязняў 908


У Беларусі ў зняволенні ўжо 31 журналіст – больш журналістаў у няволі толькі ў Кітаі (50 чалавек), насельніцтва якога ў 155 раз большае за насельніцтва Беларусі.

Сяргей Сацук.
Фота: euroradio.by

Восем беларускіх праваабарончых арганізацыяў выдалі супольную заяву аб прызнанні палітычным зняволеным журналіста і рэдактара сайта «Ежедневник» Сяргея Сацука. Заяву публікуе «Вясна».

Сацука затрымалі 8 снежня, правялі ў яго ператрус, заблакавалі сайт Ej.by. Пасля допыту яго ўзялі пад варту паводле старой крымінальнай справы паводле артыкулу за «Атрыманне хабару» (арт.430 КК РБ) – у той жа справе, звязанай з расследаваннямі «Ежедневника», Сацука ўжо затрымлівалі ў сакавіку 2020 года.

Hавiны
Рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука затрымалі і змесцяць у СІЗА
2021.12.08 18:37

Праваабаронцы лічаць пераслед Сацука «працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова». У пераследзе бачаць падставы меркаваць, што пераслед мае палітычныя матывы.

У сувязі з гэтым праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Сацука і іншых палітвязняў, адмовы ад крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду прэсы, неадкладнага спынення рэпрэсіяў.

Агулам на 9 снежня ў няволі ў Беларусі 908 людзей, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Пры тым праваабаронцы працягваюць разглядаць крымінальныя справы на адпаведнасць азначэнню «палітвязень», але не заўсёды паспяваюць за рэпрэсіўнай машынай.

АА belsat.eu

Стужка навінаў