Палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйку этапавалі ў калонію


Палітзняволенага журналіста Паўла Мажэйку адправілі этапам з СІЗА ў папраўчую калонію ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на жонку Паўла Ірыну Чарняўку.

Кіраўнік Цэнтру гарадскога жыцця і журналіст «Белсату» Павел Мажэйка пасля 3 содняў арышту. Горадня, Беларусь. 29 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

У якой калоніі будзе адбываць прысуд журналіст, пакуль невядома. Як невядомы і тэрмін, колькі будзе доўжыцца этап. Сваякі будуць чакаць ад Паўла ліст, калі ён ужо прыбудзе на месца.

17 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апеляцыйныя скаргі Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч, асуджаных на зняволенне паводле абвінавачання ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Абаіх сёлета 26 ліпеня Гарадзенскі абласны суд пакараў 6 гадамі калоніі, Паўла – ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вярхоўны Суд Беларусі пакінуў вырак у сіле.

Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года ў Горадні пасля таго, як ён прыехаў з Польшчы. У кватэры журналіста і ягоных бацькоў сілавікі правялі ператрусы. Мажэйку інкрымінавалі «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ).

Hавiны
Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка: Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця
2023.10.04 18:37

Паводле следства, адвакатка Юлія Юргілевіч расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павел нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб, час і датычных да гэтага іншых асобаў следства не высветліла. Павел Мажэйка і Юлія Юргілевіч сваёй віны не прызналі.

Справу журналіста і адвакаткі ў Гарадзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Максім Філатаў. Старшыня судовай калегіі Вярхоўнага суда Павел Каршуновіч падтрымаў вырак.

Станам на 9 лістапада 2023 года за кратамі ў Беларусі застаюцца 33 журналісты і працаўнікі медыяў.

Каментар
«Праз ягоныя праекты праглядалася новая краіна і новая нацыя». Максім Жбанкоў – пра прысуд і справу Паўла Мажэйкі
2023.07.26 20:21

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў