Ранкам 9 лістапада Польшча спыніла рух транспарту праз памежны пераход «Кузніца – Брузгі». Польскі бок быў вымушаны пайсці на гэта ў выніку абвастрэння міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю. Мы паразмаўлялі з міжнароднымі перавозцамі пасажыраў пра тое, як гэтая сітуацыя паўплывала на іх працу.
Адзін з гарадзенскіх перавозцаў паведаміў belsat.eu, што быў вымушаны адмяніць усе рэйсы з Беларусі ў Польшчу і назад, бо не мае дазволу на мінанне мяжы праз іншыя памежныя пераходы.
«У нашым дазволе дакладна ўказаны маршрут. Падставай для таго, каб яго змяніць, можа быць толькі адно – орган рэгулявання мусіць указаць: «я з такіх і такіх прычынаў дазваляю змяніць маршрут». Павінна быць напісана, што дазваляецца ездзіць праз памежны пераход, напрыклад, «Беняконі». Калі такі запіс адсутнічае, гэта азначае толькі адно – ехаць нельга».
Са словаў перавозцы, такі дазвол мусяць даць абодва бакі: польскае і беларускае профільныя міністэрствы. Аднак атрымаць дазвол на праезд праз іншыя памежныя пераходы цяпер немагчыма, бо ў адпаведных структурах ніхто не адказвае:
«Самае страшнае, што практычна ніхто не падымае слухаўкі, а той, хто падымае, адказвае: «Мы нічога не ведаем».
Перавозчык сцвярджае, што такая сітуацыя ўдарыла ў першую чаргу па звычайных грамадзянах.
«Перавозцы маюць дазвол на дзейнасць, яны перавозяць пасажыраў, якія плануюць нейкія свае падарожжы. У перавозцы ёсць абавязкі, якія цяпер, на жаль, не выконваюцца. Мы адмянілі ўсе рэйсы. Гэта тысячы перарваных эканамічных і асабістых сувязяў. Без перабольшвання. Адных толькі студэнтаў вучыцца 55 тысяч, калі я не памыляюся. Гэта ўдарыла па звычайных людзях».
Сітуацыі на мяжы з Польшчай перавозца амаль не каментуе.
«Ёсць рашэнне ўраду пра тое, каб закрыць пераход. Я ўпэўнены, што можна было стрымліваць мігрантаў без такіх заяваў. З іншага боку, можа, я не валодаю ўсёй інфармацыяй. Таму мне цяжка каментаваць».
У такой сітуацыі аказаліся не ўсе перавозцы пасажыраў. Для прыкладу, буйны міжнародны перавозца «Ecolines» паведаміў belsat.eu, што працягвае сваю дзейнасць у звычайным рэжыме.
«У нас без зменаў, усе рэйсы з Беларусі ў Польшчу адбываюцца згодна з раскладам. Наша кампанія выкарыстоўвае пераход у Баброўніках, і гэты памежны пераход адкрыты».
ВК belsat.eu