Прэмія міру – 2022 у ценю вайны

Вайна ва Украіне наклала моцны адбітак на ўсе палітычныя, культурныя, сімвалічныя формы і аспекты нашага жыцця. У 2022 годзе свет і палітыка сталі ўкраінацэнтрычнымі. Кожны крок, слова і дзеянне, асабліва сусветнага характару, выклікаюць моцную негатыўную рэакцыю, калі яны не скіраваныя на падтрыманне Украіны, не маюць выразнага праўкраінскага характару. Гэта вельмі яскрава праявілася ў тым, як украінскае і беларускае грамадства адрэагавалі на прызначэнне Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года.

Нагадаю, што лаўрэатамі прэміі сталі: расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял», украінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў і вядомы беларускі праваабаронца, палітычны вязень, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Неабходна падкрэсліць, што ўзнагароду атрымалі не краіны, а дзеяч і праваабарончыя арганізацыі.

Лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру 2022 года. Выява: The Nobel Prize / Twitter

Той факт, што прэмію міру атрымаў беларус і расейская праваабарончая арганізацыя, выклікаў адмоўную рэакцыю з боку грамадзянаў і афіцыйных асобаў Украіны. Так, дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхаіл Падаляк напісаў у сваім Twitter-акаўнце: «У Нобэлеўскага камітэту адназначна цікавае разуменне слова «мір», калі Нобэлеўскую прэмію разам атрымоўваюць прадстаўнікі дзвюх краінаў, што напалі на трэцюю. Калі ні расейскія, ні беларускія арганізацыі так і не змаглі арганізаваць супраціў вайне».

Характар каментароў у сацыяльных сетках наконт прызначэння Нобэлеўскай прэміі міру дазваляе сказаць, што гэта хутчэй прэмія вайны, а не міру. Яна прывяла да яшчэ большых супярэчнасцяў і непаразуменняў паміж людзьмі і грамадствамі – а мелася быць інакш. Перш за ўсе гэта датычыць узаемаадносінаў паміж беларусамі і ўкраінцамі.

Я асабіста быў і застаюся пры думцы, што для ўсяго свету было б важна, каб Нобэлеўскую прэмію міру атрымала Украіна і ўкраінскі народ. Бо ніхто не зрабіў столькі для таго, каб свет зразумеў важнасць свабоды і дэмакратыі, як Украіна. Украінскі народ яшчэ раз давёў цывілізацыі, што любы, нават малы, кампраміс са злом абарочваецца катастрофай і вялікай крывею. Гэта было б справядліва і годна з усіх ракурсаў. Зразумела, што есць фармальныя абмежаванні ў правілах Камітэту адносна таго, як і каму прызначаецца гэтая прэмія.

Заяўляецца, што сёлетняя ўзнагарода – гэта вынік намінацыі з 2021 года. І што ў наступным годзе прадстаўнік Украіны Уладзімір Зяленскі абавязкова атрымае гэтую ўзнагароду.

Але, на маю думку, лічыцца не тое, што будзе ў наступным годзе, а тое, што робіцца цяпер. І ў такіх крытычных абставінах, як вайна і мужнае супрацьстаянне ўкраінцаў расейскай агрэсіі, Нобэлеўскі камітэт мусіў або змяніць умовы прысуджэння сёлетняй прэміі на карысць Украіны – або не прысуджаць яе ўвогуле. Выглядае, што фармальныя правілы і бюракратычныя абмежаванні вышэйшыя за цвярозы сэнс і людскія жыцці.

Магчыма, што матывацыяй Нобэлеўскага камітэту было жаданне нейкім чынам перакінуць сімвалічны мост паміж расейскім, украінскім і беларускім грамадствамі. Але праз неразуменне сутнасці сітуацыі і псіхалагічных зрухаў у выніку вайны ўзнагарода прывяла да адваротнага эфекту – інфармацыйнага супрацьстаяння.

У мяне няма аніякага сумневу, што Алесь Бяляцкі – адзін з тых беларусаў, хто заслугоўвае Нобэлеўскай прэміі міру, але час і абставіны ўнеслі сваю праўку ў атмасферу ўзнагароды. Драматызм падзеяў ва Украіне перасоўвае на апошні план ролю, значэнне дзейнасці Алеся Бяляцкага ў Беларусі і расейскага «Мемарыялу», нават нягледзячы на тое, што адбываецца ў гэтых краінах і ў якім стане застаецца тое ж беларускае грамадства.

Вядома, той факт, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, вельмі важная падзея для Беларусі і беларусаў, якія застаюцца ў цяжкім палітычным і геапалітычным становішчы. Яно яшчэ больш пагоршылася ў выніку вайны і ўскоснай віны за агрэсію. Узнагарода паказвае, што тэма Беларусі не закрытая – і нашая краіна, нашае грамадства не скаціліся на перыферыю заходняй палітыкі і інтарэсаў.

Для саміх беларусаў гэта робіцца падтрыманнем, няхай і сімвалічным, іхнага духу барацьбы, як супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, так і супраць расейскай агрэсіі. Гэта важна для нашай дзяржаўнасці, нашай філасофіі, якая паказвае, што мы не частка расейскага свету, але самадастатковая і годная нацыя. Нацыя, якая ўсімі магчымымі сродкамі дапамагае Украіне змагацца са злом і не стаіць на баку цемры. Сваю палітычную бітву беларусы прайгралі ў 2020 годзе, таксама з прычыны таго, што заставаліся пад уплывам «расейскага свету», але вайны за сваю будучыню Беларусь яшчэ не прайграла. І гэтая будучыня звязаная з падтрыманнем і разуменнем з боку Украіны.

Алесь Бяляцкі.
Фота: spring96.org

Узнагарода выявіла комплекс сур’ёзных праблемаў, што паўсталі ў выніку расейскай агрэсіі і суагрэсіі Беларусі супраць Украіны:

– Супярэчнасці паміж украінскім і беларускім грамадствам вельмі глыбокія і вострыя, пераадолець іх на сённяшні дзень амаль немагчыма. Украінскі бок патрабуе адназначнай ацэнкі і для беларускай дзяржавы, і для беларускага грамадства як агрэсара. Тут не можа быць паўтонаў і выключэнняў.

– У вачах украінцаў немагчыма размежаваць рэжым і беларускае грамадства. Той факт, што беларусы не ў стане спыніць палітыкі суагрэсіі Лукашэнкі, разглядаецца як суўдзел.

– Камунікацыя паміж бакамі (грамадствамі) – нядзейсная. Апазіцыйная супольнасць Беларусі не ў стане данесці сваёй пазіцыі і патлумачыць становішча беларускага грамадства, што функцыянуе ў атмасферы тэрору і расейскай вайсковай прысутнасці.

– Асобныя прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці нервова рэагуюць на ацэнкі і крытыку ў бок беларусаў, што не спрыяе наладжванню пазітыўнай камунікацыі, павялічвае дыстанцыю паміж грамадствамі, інфармацыйную напружанасць.

– Толькі цяпер адбываецца, хоць і з вялікімі праблемамі, адкрыццё адно аднаго і разуменне гістарычных абставінаў існавання нашых народаў. Але гэтае пазнаванне праходзіць пад ценем вайны, што накладае свой адбітак.

Дзеля таго, каб змяніць сітуацыю, неабходна будаваць пазітыўную камунікацыю, пазбягаць інфармацыйнага супрацьстаяння і ўзаемнай крытыкі, што выкарыстоўваецца праціўнікамі для вядзення сваёй інфармацыйнай атакі.

Неабходны шырокі дыялог, круглы стол паміж беларусамі і ўкраінцамі, дзе было б ясна задэкларавана, што сапраўдныя беларусы будуць заўсёды з Украінай і што гэтыя народы гістарычна звязаныя і маюць адзіную будучыню. На цяперашнім этапе важна, каб як найхутчэй запрацавала пашыраная ўкраінска-беларуская кантактная група, дзейнасць якой спрыяла б фармаванню пазітыўнага падыходу ў адносінах паміж дзвюма супольнасцямі, для палітычных інвестыцыяў у будучыню.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў