Беларуска, якая адправіла 400 лістоў за краты, расказвае, як ліставанне можа стацца ратункам


Працоўнае месца. Фота прадстаўлена рэдакцыі
Даведка
9 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень пошты. Калі вы яшчэ не пісалі лістоў палітвязням, самы час зрабіць гэта сёння.

«Аднойчы каля пад’езду ўбачыла нашага паштальёна. Пытаю, ці ў маю кватэру нічога няма. Яна паглядзела і кажа: «Сёння не». Памаўчала, уздыхнула і гаворыць: «Як з фронту лісты чакаеце…» – расказвае беларуска Марыя (імя змененае). Жанчына са снежня 2020 года напісала больш за 400 лістоў людзям за кратамі, якія зрабіліся закладнікамі Лукашэнкі.

«Невядома, каму гэта больш трэба: нам ці ім»

«Пісаць туды – глыбокая духоўная праца. Перад тым як брацца, заўсёды чытаю гісторыі людзей: як яны там апынуліся, як праходзілі суды. І заўсёды прапускаю праз сябе, гэта нялёгка. Але з іншага боку гэта ратуе. Я ўяўляю, як чалавек атрымаў ліст, прачытаў мяне – і хоць на пару секундаў яму зрабілася лягчэй. І гэта ратуе мяне ў цяперашняй сітуацыі, бо… я цяпер нават і не ведаю, як яшчэ ратавацца. Ведаеце, я прашу ў лісце даслаць мне адказ, бо невядома, каму гэтыя лісты больш патрэбныя – нам ці ім. І гэта так. Гэта праўда», – прызнаецца Марыя.

Праўда і тое, што на 400 лістоў Марыя атрымала ўсяго 38 адказаў. Але не журыцца. Кажа, што гэта абʼектыўная, пацверджаная шмат кім з адрасантаў статыстыка: даходзіць прыблізна адзін адказ на дзесяць лістоў туды. Таму кожны на вагу золата.

Лісты ад палітзняволеных. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Сонечны ліст ад Бабарыкі і цяжкія – са Шклова

«Дзякуй за слова падтрымкі! І за агульнае жаданне не спыняцца і рухацца наперад. Вы малайцы! Так трымаць! І яшчэ: дыхайце свежым паветрам і рабіце ўсё, каб у нас у Беларусі яно было паветрам, прасякнутым свабодаю, павагай і любоўю! Мы – разам!» – цытуе Марыя ліст, атрыманы ад Віктара Бабарыкі.

Прызнаецца, што вельмі ўсцешылася, калі атрымала яго: «Гэта той чалавек, якому можна дасылаць сумныя лісты. Як адкажа – хочацца лятаць. Вельмі цвёрды і сонечны».

Нясонечныя і цяжкія прыходзяць са шклоўскай калоніі.

«Госпадзе, я сапраўды плачу, як іх атрымліваю! І не таму, што хтосьці ў іх скардзіцца на ўмовы ці што. Яны ўсе – усе! – як пад капірку: «вельмі ўдзячныя за ўмовы, свежы рамонт у пакоі для спатканняў», «за жывы куток з паўлінамі, бібліятэку, магчымасць развівацца, вучыцца, за царкву, 100 і больш каналаў у тэлевізары…» І амаль ува ўсіх: «Дзякуй адміністрацыі і начальніку турмы». Нібыта шчасце, што там апынуліся. І ад гэтага горка, ком у горле, бо, відавочна, што ўсе гэтыя словы – умова перадачы ліста. Чаму менавіта са шклоўскай калоніі? Рытарычнае пытанне, як на мяне», – мяркуе Марыя.

Ліст ад Андрэя Нічыпара. Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Ком падкаціў, і я расплакалася…»

Жанчына расказвае, што пісанне лістоў зняволеным стала для яе ладам жыцця. Калі засынае дзіця, садзіцца за «працоўнае месца»: аркушы, паштоўкі, канверты…

«Нядаўна калыхала сына, і ён скрозь сон запытаў, дзе тата. Я кажу, маўляў, тата на вуліцу пайшоў. Сын пытаецца: «На пошту?» Кажу: «Не, пошта так позна не працуе!» А ён мне: «Ліст пайшоў кідаць людзям, што ў турмах?» Такі ком падкаціў, і я расплакалася…» – дзеліцца жанчына.

У дзень нашай размовы, 7 кастрычніка, Марыя напісала лісты Святаславу Удоду ў Шклоў і Ірыне Шчаснай у Гомель. Калі сын будзе адпачываць удзень – напіша яшчэ: «Так, – усміхаецца, – пад ціхі сон дзіцяці. Але для мяне гэта не эстафета. Проста хочацца ахапіць вялікую колькасць людзей, якія трапілі за краты, і гэта ж не толькі палітвязні. Але іх, на жаль, становіцца ўсё больш і больш».

Ліст ад палітзняволенай Ірыны Шчаснай. Фота прадстаўлена рэдакцыі

БЧБ-пасціла і бутэлька віна на парозе

Прызнаецца, што ўсе сілы кінула на лісты да немедыйных вязняў: якім мала хто піша, хто не трапіў у спісы праваабарончых арганізацыяў, але дэ-факта палітычны.

«Ёсць некалькі чалавек, з якімі завязалася стабільнае ліставанне. Адзін з іх пасля суда выйшаў на волю, яму далі «хімію». І аднойчы раніцаю гляджу ў тэлефон, а там паведамленне: «Каля вашых дзвярэй – пакет, прыемна вам папіць гарбаты. Жыве Беларусь!» Я за парог – там бчб-пасціла, пірожныя, печыва і бутэлька віна! І ліст. Прыемна было аж да слёзаў. Палітычны вязень распавядаў, што без лістоў там вельмі цяжка, што чакаў лістоў з нецярпеннем і ўдзячны кожнаму, хто дасылаў. Дарэчы, сябруем з ім цяпер», – распавядае Марыя.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Штораніцы ісці да паштовай скрыні, каб укінуць лісты, ці на пошту, каб набыць канверты, паштоўкі і маркі, – частка жыцця і сямейная традыцыя.

«Аднойчы адправіла мужа па маркі. Прыносіць – і я жахнулася: там выявы ваенных машынаў. Кажу: «Што ты нарабіў? Вязням гэтага яшчэ не ставала!» Сказаў, што іншых не было. Назаўтра я праверыла – і сапраўды: не было ўжо нават гэтых, жахлівых, марак. Тыя я тады наклеіла, але вязням патлумачыла, што ўсе пытанні да паштовага аддзялення. Што зробіш, калі ў краіне дэфіцыт прыгожых марак…» – расказвае.

Каб не забралі падчас ператрусу

Але дэфіцыт у краіне не толькі марак. Бракуе здаровага сэнсу. І чалавечнасці. Інакш як патлумачыць тое, што напісанне лістоў у вязніцы можа стаць падставаю для затрымання і ператрусу (былі ж прыклады). Дык жа сапраўды лінія фронту. Марыя адчувае гэта:

«У адзін дзень была вельмі вялікая рызыка, што да нас прыйдуць. Дык я замест таго, каб думаць, што рабіць са сцягамі ды іншай атрыбутыкаю, бегала з лістамі і прыгаворвала: «Божа, што з імі рабіць, куды схаваць?» Для мяне гэта скарб! Частку лістоў я адвезла ў іншы горад, бо як будзе ператрус, дык, зразумела, што забяруць, а пасля яшчэ і сфатаграфуюць на фоне дзяржаўнага сцяга разам са мною [смяецца]. А потым знішчаць. А я не магу гэтага дапусціць. Яны цяпер у надзейным месцы, толькі некалькі чалавек ведаюць, дзе яны. Частка ўдома, бо лісты працягваем атрымліваць, баюся за іх. Буду на пенсіі – напішу кнігу абавязкова. Ці сын напіша, як вырасце, яму будзе пра што расказаць».

Фота прадстаўлена рэдакцыі

«Пішу ўсё, што хачу»

Марыя кажа, што не ўстанаўлівала сабе нейкіх правілаў: у якіх канвертах дасылаць ці колькі і пра што пісаць. Правілаў няма. Да каго дойдзе ліст і ў якім канверце ці ад каго атрымаеш адказ – як рулетка.

«Больш залежыць, мабыць, ад настрою цэнзара ці начальніка турмы, як там зоркі ў іх сышліся, ці не выпаў рэтраградны Меркурый, не ведаю. Гэта, праўда, як пашчасціць. Наагул пішу ўсё, што хачу. Пра нашую сямʼю, дзе гуляем, што робім. Часта пішу вершы беларускіх паэтаў. Спачатку баялася, бо цэнзура можа забракаваць, але потым перастала: гэта мой ліст, я так хачу, і яно дойдзе! І даходзяць», – гаворыць жанчына.

Фота прадстаўлена рэдакцыі

Адрасатаў Марыя выбірае на чатах, дзе абмяркоўваюцца лісты. Там звычайна шмат навінаў: кагосьці перавялі ў іншую калонію, у кагосьці неўзабаве будзе дзень народзінаў.

«Так і выбіраю. Ці проста адкрываю сайт «Dissidentby» і рандомна выбіраю людзей. Вось і ўсё. Каб натхняць іншых, у сацсетках выстаўляю здымкі лістоў, якія атрымліваю. Не ведаю, што яшчэ можна зрабіць, каб яны зразумелі, якая гэта важная справа. Можа, найважнейшая цяпер. Наш ратунак. І ведаеце, некаторыя пачынаюць задаваць пытанні, пра што пісаць, у якіх канвертах дасылаць і гэтак далей. І тады цешуся. Значыцца, гэта ўсё недарэмна», – прызнаецца Марыя.

Ляцяць лісты

У апошнім паведамленні ад Марыі пасля нашай размовы – спасылка на нядаўна адкрыты онлайн-музей лістоў палітычных вязняў «Ляцяць лісты», куды яна колькі хвілінаў таму загрузіла ліст ад Ірыны Шчаснай, атрыманы 1 кастрычніка.

«А яшчэ я дакладна ведаю, што недапушчальна дастаўляць задавальненне тым, хто толькі і чакае нашых пакутаў. Таму трымаемся бадзёра і цешымся тым, якія мы ёсць адно ў аднога: разумныя, моцныя, прыгожыя, самыя выдатныя, адным словам – беларусы!» – піша палітзняволеная.

Артыкулы
10 натхняльных цытатаў з лістоў палітвязняў
2021.10.07 10:39

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў