Краязнаўцу, які быў вязнем канцлагеру, будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»


У судзе Верхнядзвінскага раёну мае адбыцца слуханне справы 80-гадовага краязнаўцы і вязня нацысцкага канцлагеру Антона Бубалы, паведамляюць праваабаронцы. Мужчыну абвінавачваюць у распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Краязнаўца Антон Бубала.
Фота: Антон Бубала / Facebook

Вядома, што ў канцы студзеня 2023 года Антона Бубалу ўжо штрафавалі паводле таго ж артыкулу, ч. 2 арт. 19.11 КаАП, за публікацыю, зробленую ў Facebook. Тады краязнаўцу прысудзілі пакаранне ў выглядзе 20 базавых велічыняў (740 беларускіх рублёў).

Антон Бубала нарадзіўся ў 1942 годзе і яшчэ немаўлём прайшоў праз нацысцкі канцэнтрацыйны лагер у Саласпілсе, які месціўся ў Латвіі.

У інтэрв’ю «Звяздзе» краязнаўца гэтак апісаў тыя даўнія падзеі: «Члены маёй сям’і былі схоплены паасобку. Бацька, паранены яшчэ падчас фінскай вайны, хаваўся з мужыкамі ў балоце. Бабулю з хлапчанятамі хацелі расстраляць, але тая стала маліцца. Спачатку па-польску, потым па-руску, а калі пачала па-латышску, латышскія паліцэйскія яе не забілі, але забралі ў палон. А маці з намі, трыма малымі, злавілі ў лесе. Так мы апынуліся ў канцлагеры «Саласпілс». Гаспадар фабрыкі выкупіў для работы майго бацьку, а на свой хутар забраў маму з трыма дзецьмі. Потым яны збеглі».

Антон Бубала ёсць ганаровым грамадзянінам Верхнядзвінску і актыўна займаўся вывучэннем гісторыі і культуры Верхнядзвінскага, Мёрскага і Расонскага раёнаў. Ён напісаў некалькі дзясяткаў кніг, брашураў, узначальвае клуб «Шукальнік», а таксама займаецца добраўпарадкаваннем месцаў пахаванняў ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў