Яўген Красулін пра вайну ў Грузіі: Захад не мог паўплываць на падзеі


Нават пры вялікім жаданні хутка адказаць агрэсіяй на напад Расеі на Грузію у Захаду не атрымалася б, ды і рэакцыя еўрапейскіх краінаў была больш скіраваная на асабістую абарону. Пра гэта ў жывым эфіры «Белсату» распавёў эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Вайна ў Грузіі, як і ранейшыя канфлікты 90-х гадоў, у тым ліку і канфлікт у паўднёвай Асеціі, – гэта ўсё было элементамі аднаўлення Расейскай імперыі. Перад гэтым трэба было крышачку адпусціць народы, як гэта ў свой час зрабілі бальшавікі. Як Ленін гэтым спрабаваў, скажам, прыцягнуць да сябе сімпатыі з боку народаў, якія ўваходзілі перад гэтым у Расейскую імперыю. Але гэта не значыла, што потым бальшавікі не паспрабавалі гэта ўсё вярнуць назад. І вайна ў Грузіі – гэта ўсё тое. Гэта, можа, не на аднаўленне імперыі, але прынамсі на захаванне той зоны, той сферы ўплыву, якая была на той момант».

Эксперт упэўнены, што сітуацыя з таго часу моцна не змянілася, і пагроза для Грузіі, як і для Беларусі, з боку Расеі існуе па сённяшні дзень. Але Захад на развіццё падзеяў 15 гадоў назад паўплываць не мог: частка краінаў была скіраваная на рыхтаванне асабістай абароны ад агрэсара, а некаторыя проста не разумелі канфлікту і віны ў ім Расеі, падкрэсліваючы легітымнасць яе дзеянняў:

«Нам хочацца, каб усё было па справядлівасці, каб усе людзі рэагавалі адразу так, як нам хочацца, але тут вялікая праблема: нашыя жаданні крышачку перабольшаныя. Бо насамрэч сітуацыя з пункту гледжання таго Захаду… Зноўку, рэакцыя Захаду была вельмі разнастайная. І мы вось, калі зараз прыгадаем, як рэагавалі канкрэтна еўрапейскія палітыкі, мы пабачым, што там даволі цікавыя былі варыянты. Цудоўна памятаю, як Вацлаў Клаўс, тагачасны прэзідэнт Чэхіі, казаў: што вы хочаце? Расея дзейнічала дзеля абароны сваіх інтарэсаў, бо грузіны атакавалі тэрыторыю, якая жадае жыць самастойна».

Калона з расейскіх танкаў рухаецца на шляху да Цхінвалі, Паўднёвая Асеція, Грузія. 10 жніўня 2008 года.
Фота: Vasily Maximov / Reporter / East News

Узгадаў Яўген Красулін і словы італьянскіх палітыкаў пра немагчымасць існавання ў Еўропе антырасейскіх кааліцыяў.

«Сабраць рэсурсы дзеля таго, каб адказаць, нават калі б у кагосьці ўзнікла такое жаданне адказаць, ваеннай сілай на гэтую агрэсію Расеі не атрымалася б у любым выпадку ў хуткім часе».

Ды і сілы ЗША, прыгадвае эксперт, былі задзейнічаныя ў розных іншых рэгіёнах, у іншых канфліктах, таму хутка перакінуць іх на Каўказ сталася проста немагчымым.

Яўген Красулін падкрэслівае, што недастаткова проста дамовіцца перастаць страляць, гэта не спрацавала, і варта рабіць захады і прыкладваць высілкі, каб агрэсія з боку Расеі больш не паўтарылася. І гэтак можа здарыцца, паводле эксперта, пры перамозе Украіны ў вайне:

«Пры перамозе Украіны і ўсяго дэмакратычнага свету Расея па выніках вайны будзе адкінутая на ўсход ад Воршы і не здолее лезці на тэрыторыі ні Украіны, ні Беларусі, ні іншых суседніх краін».

У іншым выпадку, мяркуе Яўген Красулін, Беларусь можа быць пакінутая Пуціну ў якасці суцяшальнага прызу, што не будзе азначаць перамогу над Расеяй.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў