На мінулым тыдні ў Печах застрэліўся салдат тэрміновай службы


У ноч на 4 жніўня ў вайсковай частцы ў Печах, што каля Барысава, застрэліўся салдат тэрміновай службы. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Флагшток», аўтары якога пагутарылі з салдатам, які праходзіць там службу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 72-і навучальны цэнтр у Печах.
Фота: belta.by

«У ноч на 4 жніўня застрэліўся дэсантнік. Са стрэльбаў вынес нейкі спецыфічны патрон, галавы ў яго не засталося. Кажуць, не хацеў у армію, адмазваўся. Але забралі. Нядаўна знайшлі ў яго ці то запіскі, ці то вершы. З ім пачалі весці «працу». За яго ўзяўся галоўны ідэолаг Пячэннік. І пасля гэтага хлопец застрэліўся», – расказала крыніца «Флагштоку».

Імя загінулага і ягонае месца жыхарства невядомыя. Дзяржаўныя органы і СМІ, а таксама адміністрацыя вайсковай часткі пра здарэнне не паведамлялі.

Раней пра магчымае самагубства салдата ў навучальным цэнтры каля Барысава паведамляў тэлеграм-канал «Посмотри, брехня?».

Падобны інцыдэнт адбыўся сёлета ў сакавіку ў Берасці. Тады таксама застрэліўся салдат тэрміновай службы 38-й Берасцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Імя і прозвішча салдата не называліся, а інфармацыі пра смерць у афіцыйных крыніцах Міністэрства абароны Беларусі не было.

Знаёмыя з тэрміновай службы расказвалі, што некалькі гадоў таму ён скончыў школу: «Усё здарылася нядаўна, можа, у сярэдзіне сакавіка. Казалі, што быў стрэл у лоб. Усе здзіўленыя, што так здарылася, бо асаблівых праблемаў удома ў хлопца не было на той момант… Так кажуць тыя, хто з ім меў стасункі», – кажуць знаёмыя загінулага.

Яшчэ адзін суіцыд адбыўся 20 сакавіка. Тады Дзяржаўны памежны камітэт расказваў, што ўдзень у памяшканні памежнага кантролю на мяжы з Польшчаю знайшлі труп вайскоўца тэрміновай службы «з прыкметамі суіцыду». Паводле інфармацыі ведамства, шарагоўца 2003 года нараджэння прызвалі ў кастрычніку 2022-га, ён праходзіў службу ў Берасцейскай памежнай групе.

Каментар
Беларусі давядзецца павялічыць вайсковыя выдаткі для стварэння кантрактнай арміі
2023.08.01 22:39

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў