«Каб спыніць вайну». Беларуска Сіетлу прэзентуе ўкраінскія строі на «Metropolitan Fashion Week»


Metropolitan Fashion Week праходзіць у Сіетле, Лос-Анджэлесе, Лас-Вэгасе, Палм-Спрынгсе і неўзабаве Нью-Ёрку ды Маямі. Этнографка, рэжысёрка і ўдзельніца гурта беларускай песні «Volya» Вольга Дземка прэзентуе там калекцыю ўкраінскіх строяў. Грошы ад паказаў часткова пойдуць у фонд «You Are The Angel», што дастаўляе ежу, ваду і лекі ва ўкраінскія гарады ў зоне ваенных дзеянняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паказ мужчынскага адзення на «Metropolitan Fashion Week» у гатэлі «Millennium Biltmore». 29 сакавіка 2018 года.
Фота: Sheri Determan / WENN.com/ agefotostock  /East News

«Мая знаёмая запосціла, што ў гэтым годзе бенефіцыярам паказаў будзе дабрачынны фонд «You Are The Angel». Яны збіраюць грошы на ежу, ваду і лекі для людзей у прыфрантавых зонах, і міні-бусікамі давозяць гэты груз пад кулямі нават туды, куды ўжо іншыя валанцёры не едуць. Ведаю, што дваіх валанцёраў забілі, калі тыя ехалі ў акупаваны Марыупаль», – распавядае Вольга.

З «You Are The Angel» Вольга ўжо была знаёмая праз акцыю да Дня вышыванкі 19 траўня, якую ладзілі ў ЗША. Тады ўдалося сабраць каля 38 тысяч долараў, але гэтага хапае літаральна на некалькі месяцаў працы фонду, бо сітуацыя ва Украіне не паляпшаецца.

«Калі мне прапанавалі ўдзельнічаць у паказе ў траўні, то ў мяне спачатку былі толькі два строі, а потым я раскуфарыла ўсё, што было, што ляжала на рэстаўрацыю ў даўгой шуфлядзе, патрэсла ўсіх знаёмых, і ў выніку атрымалася зрабіць неблагую калекцыю. Яна мела шалёны поспех, бо гэта ж музейныя строі, усё там прыгожае і ладненькае», – згадвае Дземка.

Інтэрв’ю
Воля Дземка: Мая мара, каб у кожнай беларускі была вышытая кашуля, а не какошнік
2022.06.29 20:04

Этнографка паведаміла, што цяпер прасоўваць беларускую спадчыну стала неймаверна складана, а вось з украінскаю тэмаю сітуацыя куды прасцейшая:.

«Мы вельмі хочам дапамагчы спыніць вайну, трымаць украінскую павестку на паверхні, а не так, як гэта адбылося з беларускай, якая патанула. То мы зробім тое, што можам, каб хутчэй перасталі забіваць людзей. Мы скіравалі свае высілкі на тое, каб падтрымаць Украіну ў гэты момант».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калекцыя этнічных строяў Беларусі. Строі паводле рэгіёнаў: Неглюбка.
Фота: Volya Dzemka / volya.weebly.com

Цяпер у Вольгі гатовыя 15 украінскіх жаночых строяў. Хоць гэта не «high fashion», але прадзюсары захапіліся ідэяй паказу строяў. Дэфіле будзе на адкрыцці тыдня моды. Аднак мадэляў этнографцы трэба шукаць самастойна:

«Сказалі, што немагчыма хутка пераапрануць мадэляў у нацыянальныя строі. Там кожны строй складаецца мінімум з пяці элементаў, а звычайна і больш. Пакуль яго накруціш, пакуль заверціш пас, пакуль надзенеш усе 26 пацерак. У нас частка строяў на вельмі маленькіх дзяўчат, 1,5 метра пупсікаў такіх, а па подыуме трэба, каб ішлі высокія эльфійскія стварэнні. Некаторыя кашулі на іх проста не налезуць. Таму я кінула кліч, што нам патрэбныя кашулі на высокіх дзяўчат, і ўкраінскія знаёмыя пайшлі шукаць, дасылаць, калі не прадаць, то хаця б пазычыць. Таму тут ідзе такая агульная праца».

Фота: Volya Dzemka / volya.weebly.com

Украінская супольнасць моцна ўключылася ў дапамогу Вользе, каб паказ атрымаўся як мага лепшы.

«У мяне ёсць магчымасці і веды, а ў іх ёсць энергія ды імпэт, і гэта ўсё мы «пажанілі». У мяне няма сілаў цяпер хадзіць, нешта прабіваць, знаходзіць сродкі на івэнты. Я не ў стане. А ў іх імпэт спыніць вайну і трымаць Украіну на павестцы. Калі трэба сабрацца і вельмі хутка ўсё зрабіць, яны могуць, гэтаму варта ў іх павучыцца», – прызналася наша суразмоўца.

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў